Улады плацяць за шкоды спрычыненыя зубрамі
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
13.06.2018 14:08
Міністэрства аховы навакольнага асяродзьдзя выпрацоўвае мэтады зьніжэньня страт.
commons.wikimedia.org/Henryk Kotowski
Каля паўтара мільёна злотых (больш за 350 тысяч эўра) – столькі дзяржаўны бюджэт Польшчы плаціць за шкоды, спрычыненыя зубрамі.
Міністэрства аховы навакольнага асяродзьдзя і Галоўнае ўпраўленьне па ахове навакольнага асяродзьдзя арганізавалі нараду, каб абмеркаваць мэтады зьніжэньня страт, нанесеных зубрамі.
Намесьнік міністра навакольнага асяродзьдзя Малгажата Галіньска (Małgorzata Golińska) паведаміла пра розныя меры, якія выкарыстоўваюцца для зьмяншэньня шкоды, у сытуацыі, калі колькасьць зуброў у Польшчы павялічваецца, а месца для іх усё менш. «Мы дакормліваем іх, арандуем лугі ў сялян, аддаём зуброў іншым краінам», – патлумачыла Малгажата Галіньска.
Арганізацыя Greenpeace Polska зьвяртае ўвагу, што ў Белавежы, дзе знаходзіцца вялікая папуляцыя зуброў, добрыя вынікі дае маніторынг гэтай жывёлы. У такой сытуацыі своечасова можна зуброў прагнаць і не дазволіць ім зьнішчыць пасевы.
У 2017 годзе сусьветная папуляцыя зуброў налічвала 6,5 тысячы. Трэць іх - 1900 жыве ў Польшчы.
яс