Logo Polskiego Radia
Print

Палякі дапамогуць беларусам знайсьці сваё месца ў Эўропе (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 07.06.2018 15:01
  • 0906 Школа Руху за Свабоду ў Варшаве.mp3
У Менску пачынаецца навучаньне ў летняй школе, якое працягнецца ў Варшаве.
Беларусы ў Варшаве ля помніка Тадэвушу Касьцюшку. 25 сакавіка 2018 г.
Ілюстрацыйнае фотаБеларусы ў Варшаве ля помніка Тадэвушу Касьцюшку. 25 сакавіка 2018 г. Ілюстрацыйнае фотаФота: Віктар Корбут/radyjo.net

У канцы ліпеня ў Варшаву прыедуць 25 маладых беларусаў, каб пераняць вопыт палякаў па рэфармаваньні эканомікі і палітычнай сыстэмы. Для гасьцей зь Менску і іншых гарадоў арганізавана спэцыяльная школа пад назвай “Месца Беларусі ў Эўропе”. Яе слухачы сустрэнуцца зь вядомымі польскімі палітыкамі. Зь лекцыямі выступяць таксама беларускія экспэрты.

Пачынаючы з 2010 году беларуская недзяржаўная арганізацыя “Рух “За Свабоду” стварае ў Польшчы і Літве летнія школы для маладых людзей, якім цікава даведацца, як суседнія зь Беларусьсю краіны прайшлі шлях трансфармацыі ад дзяржаў сацыялістычнага блёку да сучасных краін Эўрапейскага зьвязу.

Адначасова гэта магчымасьць паглыбіць свае веды пра беларускую гісторыю і сучаснасьць, каб зразумець крыніцу цяперашніх складанасьцей у разьвіцьці Беларусі.

Слухачы
Слухачы школы "Руху "За Свабоду" з маршалкам Падляскага ваяводзтва Польшчы Ежы Ляшчынскім, Алесем Зарэмбюкам і Юрыем Губарэвічам (у цэнтры). Беласток, ліпень 2017 г. Фота: pyx.by

Выкладчыкамі школы сёлета будуць Уладзімер Арлоў, які прачытае лекцыі па гісторыі, Валярына Кустава, лектар па культуры, Алесь Міхалевіч, які раскажа пра палітыку і геапалітыку, Сяргей Чалы падзеліцца ведамі пра эканоміку.

Юры Губарэвіч, старшыня “Руху “За Свабоду”: Беларуская моладзь не заўсёды мае доступ да ведаў пра тое, што рэальна адбываецца ў сфэры эканомікі і палітыкі, геапалітыкі. Гісторыя, якая выкладаецца ў беларускіх школах, унівэрсытэтах, не адлюстроўвае ўсёй складанасьці падзей, якія адбываліся на тэрыторыі нашай краіны, усіх аспэктаў адносін з нашымі суседзямі. Мы вырашылі запоўніць гэтыя прабелы, асабліва па пытаньнях сучаснай палітыкі беларускай дзяржавы, яе адносін з суседзямі, па праблеме разьвіцьця мясцовага самакіраваньня ў Беларусі. Гэта тыя тэмы, па якіх адбываецца выкладаньне ў летніх школах, якія стварае “Рух “За Свабоду” ў суседніх краінах. Школы арганізоўваліся ў Польшчы — Варшаве, Беластоку, у Літве — Вільні і Троках. Гэта дае магчымасьць пачуць меркаваньне ня толькі беларускіх экспэртаў, але і розных спэцыялістаў з суседніх краін.

6 чэрвеня завяршылася кампанія падачы заявак у школу. Яна праходзіла ў Беларусі. Там жа ў чэрвені і ліпені пройдзе пачатковы этап навучаньня па чатырох кірунках: палітыка, эканоміка, гісторыя і культура. У Беларусі будуць выбраны найлепшыя кандыдаты, якія паедуць далей вучыцца ў Варшаву. Імі стануць 25 чалавек ва ўзросьце ад 18 да 30 гадоў.

Беларускі
Беларускі дом у Варшаве Фота: Віктар Корбут/radyjo.net

Суарганізатарам школы ў Польшчы выступае фонд “Беларускі дом у Варшаве”. Яго сустаршыня Алесь Зарэмбюк расказаў, што летась школа адбывалася ў Беластоку і была прысьвечана мясцоваму самакіраваньню. Сёлета ў Варшаве слухачы школы будуць праходзіць навучаньне на працягу 10 дзён. Ім арганізуюць сустрэчы з польскімі экспэртамі.

Алесь Зарэмбюк, сустаршыня фонду “Беларускі дом у Варшаве”: Мы плянуем арганізаваць сустрэчы са сьпікерам Сэнату Польшчы спадаром Карчэўскім, кіраўніком групы па Беларусі Робэртам Тышкевічам, намесьнікам старшыні камісіі польскага Сэйму па міжнародных справах Малгажатай Гасеўскай, плянуем арганізаваць сустрэчу ў канцылярыі прэм’ер-міністра зь міністрам Адамам Ліпіньскім, які адказвае за ўзаемаадносіны ўраду з грамадзкімі арганізацыямі і меншасьцямі. Таксама будуць сустрэчы ў Варшаўскім унівэрсытэце, ва Ўнівэрсытэце кардынала Стэфана Вышыньскага, прадстаўнікамі студэнцкіх арганізацый.

У Варшаве сярод лектараў будуць таксама і беларусы. Сярод іх Аляксандар Фядута, Рыгор Астапеня.

Рыгор
Рыгор Астапеня Фота: Ostro.by

Рыгор Астапеня падзеліцца са слухачамі ведамі пра тое, як краіны Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы праходзілі працэс трансфармацыі. Экспэрт падрабязна спыніцца на параўнаньні вопыту Беларусі зь яе суседзямі — Польшчай, краінамі Балтыі, Украінай.

Рыгор Астапеня, асацыіраваны аналітык Цэнтру Астрагорскага: Калі параўноўваць Беларусь і краіны Ўсходняй Эўропы, якія пасьпяхова прайшлі трансфармацыю, то кідаюцца ў вочы адрозьненьні ва ўзроўні жыцьця, заробкаў. У Польшчы, напрыклад, заробак у 3-4 разы вышэйшы, чым у Беларусі. А ў Эстоніі колькасьць стартапаў у шэсьць разоў большая, чым у сярэднім па Эўропе. Гэта паказвае тое, што рэформ ня трэба баяцца, яны будуць мець доўгатэрміновы эфэкт, будуць дапамагаць у будучыні.

Моладзь, што прыяжджае ў школы, якія праводзіліся раней “Рухам “За Свабоду” і “Беларускім домам у Варшаве”, свабодна гаворыць па-ангельску, вучыцца ў вядучых беларускіх ВНУ. Гэта пэрспэктыўныя людзі. Аднак як яны змогуць рэалізаваць атрыманы ў Польшчы вопыт на бацькаўшчыне, палітычная сыстэма якой вельмі адрозьніваецца ад эўрапейскай?

Алесь Зарэмбюк: Зразумела, што ў Беларусі няма магчымасьці ўдзельнічаць ва ўладзе, бо няма выбараў і існуе манаполія на ўладу, існуе аўтарытарны рэжым. Але ўсё роўна адбываецца зьмена пакаленьняў. І тыя, хто прыедзе сёлета ў Варшаву, нарадзіліся ў незалежнай Беларусі і маюць свае погляды на разьвіцьцё краіны. Гэтага пакаленьня яшчэ не чуваць у Беларусі гучна. І гэтыя людзі, якія прыяжджаюць, усьведамляюць, што ў Беларусі няма публічнай палітыкі. Але гэта ня значыць, што з часам, са зьменай пакаленьняў, зьмены ня будуць адбывацца. Ніхто ня ведае, калі гэта адбудзецца. Але тады, калі адбудзецца, у Беларусі будуць патрэбны праэўрапейска настроеныя маладыя людзі, якія б увасаблялі альтэрнатыву цяперашняму ладу. Я лічу, што школы, якія мы арганізуем, вельмі карысныя, бо зьмяняюць сьветапогляд удзельнікаў.

Лекцыя
Лекцыя Сяргея Чалага ў школе "Руху "За Свабоду". Беласток, ліпень 2017 г. Фота: pyx.by

Сёньняшняя рэчаіснасьць такая: Беларусь уваходзіць у дзяржаўны саюз з Расеяй. І пэрспэктыва інтэграцыі з краінамі Эўрапейскага зьвязу выглядае досыць цьмяна. Як жа беларусы, якія атрымаюць веды гэтым летам у Варшаве, змогуць іх рэалізаваць на практыцы?

Рыгор Астапеня: Шмат што залежыць ад таго, наколькі інтэнсіўнымі будуць кантакты Беларусі з Эўрапейскім зьвязам. Нават калі б яна гэтага хацела. Бо ў краіне не хапае людзей зь ведамі. Міжнародная каньюнктура пакуль складваецца так, што Беларусь яшчэ доўга будзе зьвязана з Расеяй. Пакуль не відаць пэрспэктыў выхаду з саюзных абавязацельстваў з Расеяй. Пытаньне толькі ў тым, якім чынам Беларусь зможа паралельна разьвіваць свае дачыненьні з Захадам.

На думку стваральнікаў школы, якая пройдзе сёлета ў Варшаве, тыя людзі, якія атрымаюць у ёй веды, у будучыні змогуць паўплываць на працэс збліжэньня Беларусі зь яе суседзямі — перш за ўсё з Польшчай і Літвой, і ўвогуле з Эўрапейскім зьвязам.

Віктар Корбут

Слухайце, калі ласка, далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт