Logo Polskiego Radia
Print

LOT не задаволіць патрабаваньняў прафсаюзаў па заробках

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 08.05.2018 13:47
Прафсаюзы патрабуюць вяртаньня нормаў аплаты працы, уведзеных у 2010 годзе.
Bild: Dariusz Kłosiński /www.lotnisko-chopina.pl

Кіраўніцтва польскай авіялініі LOT не задаволіць патрабаваньняў прафсаюзаў і ня вернецца да нормаў па зарплатах, уведзеных у 2010 годзе. Прафсаюзы выставілі ўльтыматум - 7 дзён на выкананьне гэтага патрабаваньня. Тэрмін скончыўся ўчора.

«Управа LOT ня будзе прымаць рашэньні пад прэсінгам», – заявіла прэс-служба авіякампаніі. Акрамя таго, кіраўніцтву не падабаецца факт, што прафсаюзы не пакідаюць месца на перамовы. «Вяртаньня да старой сыстэмы заробкаў ня будзе», – рашуча зазначае кіраўніцтва LOT.

Умовы аплаты працы прыпыніў у 2013 годзе былы старшыня авіякампаніі Сэбастыян Мікош у сувязі з увядзеньнем пляну выратаваньня кампаніі. Прафсаюзы нагадваюць, што кіраўніцтва паабяцала аднавіць больш высокую заработную плату пасьля завяршэньня пляну.

«Кіраўніцтва кампаніі не стрымала слова», – адзначыў лідэр прафсаюзу пілётаў Мацей Стэмпень. Ён падкрэсьліў, што амаль кожны супрацоўнік LOT з 2013 атрымліваў на 30 адсоткаў меншы заробак. Прафсаюзы пагадзіліся на скарачэньні з-за выключнай сытуацыі ў кампаніі. Па словах Мацея Стэмпеня, рэалізацыя пляну выратаваньня ўжо завершана, і ўправа атрымала фінансавыя ўзнагароды. Таму прафсаюзы будуць патрабаваць павелічэньня ставак, – рэзюмаваў Стэмпень.

Прафсаюзы пагражалі ўсеагульнай забастоўкай, якая павінна была пачацца 1 траўня. У рэшце рэшт, аднак, гэтага не адбылося. Прафсаюзы аб'явілі, што далейшыя рашэньні па пратэстах будуць прынятыя ў сярэдзіне траўня.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт