Logo Polskiego Radia
Print

У Будапэшце адкрылі помнік ахвярам смаленскай катастрофы

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 06.04.2018 12:24
Адкрыцьцё помніка – гэта сыгнал, што краіны памятаюць пра Смаленск, пра Катынь, пра ахвяры - Віктар Орбан.
Віктар ОрбанВіктар ОрбанZoltan Mathe/PAP/EPA

У вугорскай сталіцы прайшлі ўрачыстасьці з нагоды адкрыцьця помніка ахвярам смаленскай авіякатастрофы.

У адкрыцьці мэмарыялу прымаў удзел Яраслаў Качыньскі - старшыня польскай кіруючай партыі «Права йсправядлівасьць» (ПіС) і брат загінулага ў катастрофе прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага.

Польскі палітык падзякаваў вугорцам за ўсталяваньне помніка. Падчас свайго выступу Яраслаў Качыньскі таксама зазначыў, што без загінулага прэзыдэнта Леха Качыньскага не было б у Польшчы ўрадаў правых сіл у 1990-1991 і 2005-2007 гг., а таксама не было б зьмен, якія цяпер уводзяцца. Старшыня ПіС зазначыў, што адкрыцьцё помніка для яго - гэта нагода задумацца пра будучыню Эўропы. Яе немагчыма ўявіць без Польшчы ды Вугоршчыны.

Вугорскі прэм’ер Віктар Орбан, як некалі польскі прэзыдэнт, прапануе Эўропе іншы шлях, а не выступае супраць эўрапейскага адзінства. Гэты шлях – гэта эўрапейская супольнасьць народаў, нацыянальных дзяржаў, мяркуе Орбан.

«Гэта цяжкі шлях, але мы крочым па ім, умацоўваючы наша сяброўства, між іншым, праз будаўніцтва гэтага помніка», – зазначыў Яраслаў Качыньскі.

У сваю чаргу вугорскі прэм’ер Віктар Орбан падкрэсьліў, што Польшча й Вугоршчына вераць у сілу хаўрусу. Адкрыцьцё помніка – гэта сыгнал, што краіны захавалі памяць пра Смаленск, пра Катынь, пра ахвяры. Разам яны пабудуюць Эўропу, за якую яны змагаліся, зазначыў вугорскі прэм’ер.

Польскі ўрадавы самалёт Ту-154М разьбіўся ў Смаленску пры падыходзе на пасадку 10 красавіка 2010 году. У выніку катастрофы загінула 96 чалавек - усе, хто знаходзіўся на борце, у тым ліку прэзыдэнт Лех Качыньскі й яго жонка Марыя.

ПР/юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт