Logo Polskiego Radia
Print

Кампанія „Права выбару” заклікае да адкрытага падліку галасоў

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 18.02.2018 08:17
У Беларусі праходзіць выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў 28-га скліканьня.
Photo: www.pixabay.com/CCO Public Domain

Кампанія назіраньня „Права выбару” заклікае старшыняў участковых выбарчых камісій правесьці адкрыты й галосны падлік галасоў на мясцовых выбарах. Нагадаем, сёньня асноўны дзень галасаваньня на выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў 28-га скліканьня.

13 лютага стартавала датэрміновае галасаваньне, падчас якога прадстаўнікі кампаніі падрыхтавалі й падалі больш за сотню скаргаў на парушэньні.

Нацыянальны каардынатар кампаніі „Права выбару” Аляксандр Сілкоў лічыць, што ўладам яшчэ ня позна павярнуцца тварам да народа, асабліва падчас падліку галасоў.

„Улада пачала нэрвова рэагаваць на нашых назіральнікаў, якія патрабуюць выкананьня дзеючага заканадаўства. Мы ведаем, што на членаў выбарчых камісій аказваецца ціск з выканкамаў і навязваюцца схемы з „ карусельшчыкамі”, штучным завышэньнем яўкі й правакацый у дачыненьні да назіральнікаў. Мы заклікаем старшыняў участковых выбарчых камісій выконваць выбарчае заканадаўства й правесьці адкрыты й галосны падлік галасоў”, - сказаў ён.

У кампанію назіраньня ўваходзяць восем дэмакратычных грамадзкіх і палітычных арганізацый: Аб'яднаная грамадзянская партыя, Беларуская партыя „Зялёныя”, Партыя БНФ, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), рух „За Свабоду”, аргкамітэты па стварэньні партыі „Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” й Партыі свабоды й прагрэсу, прафсаюз РЭП.

Кандыдатамі ў дэпутаты зарэгістравана больш за 22 тыс. чалавек. У агульнай колькасьці паміж удзельнікамі кампаніі будзе разьмеркавана крыху больш за 18 тыс. мандатаў.

belapan.com/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт