Logo Polskiego Radia
Print

Адышоў адзін з заснавальнікаў сучаснай беларускай культуры

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 24.01.2018 15:40
  • Адышоў адзін з заснавальнікаў сучаснай беларускай культуры.mp3
Міхал Анемпадыстаў са сваімі таварышамі ў 90-я «праклаў рэйкі, па якіх коціцца сучасная беларуская музыка».
youtube.com/uCentry Hrodna/screen

24 студзеня памёр паэт і мастак Міхал Анемпадыстаў – адзін з тых, хто стварыў сучасную беларускую музыку на пачатку 90-х гадоў. Што пакінуў пасьля сябе гэты таленавіты чалавек? Пра спадчыну Міхала Анемпадыстава расказваюць яго калегі й сябры.

Уначы на 24 студзеня Міхал Анемпадыстаў заснуў за кампутарам. Аказалася, што ў яго здарыўся інсульт. Паэта адвезьлі шпіталь, дзе ён неўзабаве памёр. Анепадыству было 53 гады.

Яго імя не так часта гучала ў СМІ, як імёны яго калегаў і сяброў – славутых музыкантаў Лявона Вольскага, Касі Камоцкай, Зьмітра Вайцюшкевіча. Але Анемпадыстава, несумненна, трэба ўзгадаць у шэрагу тых, хто стварыў сучасную беларускую музыку ў пачатку 1990-х гадоў. Яго вершы ляглі ў аснову многіх песень гуртоў «Новае неба» й N.R.M.

У часы, калі рухнуў СССР, пахаваўшы пад руінамі сваю скамянелую культуру й ідэалёгію, Міхал Анемпадыстаў са сваімі сябрамі будавалі новую, несавецкую беларускую культуру й самасьвядомасьць. Ён стаў адным з дызайнэраў сучаснай беларускай музыкі й сучаснай беларускай нацыянальнай ідэі – падкрэсьлівае культуроляг Максім Жбанкоў.

Максім Жбанкоў: Як дызайнэр, ён вырабляў дызайн новай, іншай нацыі – постсавецкай, посткамуністычнай, пабудаванай на зусім іншых каштоўнасьцях і, дарэчы, зусім іншым слоўніку ды палітры колераў.

Самым галоўным дасягненьнем Міхала Анемпадыстава Максім Жбанкоў называе «Народны альбом». У музычным праекце, тэксты для якога напісаў Анемпадыстаў, удзельнічалі найлепшыя беларускія выканаўцы 90-х. У гэтым праекце гісторыя й мэнтальнасьць беларусаў былі апісаныя з беларускай, а не чужой пэрспэктывы. Менавіта падчас працаў над «Народным альбомам» зьявіліся ідэі іншых культавых фэномэнаў беларускай музычнай сцэны – альбому патрыятычных песьняў «Я нарадзіўся тут» і гурту «Крамбамбуля».

Максім Жбанкоў: Анемпадыстаў вельмі паэтычна і прафэсійна па-дызайнэрску змог акрэсьліць нейкія асноўныя, прынцыпова істотныя моманты нашага ўяўленьня пра сябе, пра лёс народу, пра гісторыю, пра тое, як нам жыць паміж сабой. Таму я думаю, што да «Народнага альбому» будуць вяртацца бясконца, бо кожнае новае пакаленьне знойдзе там новае, істотнае для сябе вымярэньне. Таму ён састарэць ня можа.

Песьні на вершы Анемпадыстава сталі клясыкай яшчэ пры жыцьці аўтара. Па іх сёньняшняе пакаленьне 30-гадовых вучыла беларускую мову й далучалася да беларускай культуры – кажа рэдактар парталу «Тузін Гітоў» музычны аглядальнік Сяргей Будкін.

Сяргей Будкін: Гэтыя песьні карэнным чынам паўплывалі на маё пакаленьне, пакаленьне 30-гадовых. Дзякуючы творам Анемпадыстава мы спазнавалі і беларускую музыку, і беларускую мову, і беларускую гісторыю. Гэтыя песьні застануцца. Я думаю, іх будуць сьпяваць наступныя пакаленьні.

Нельга забываць, што Міхал Анемпадыстаў быў ня толькі паэтам, але й выдатным дызайнэрам, графікам, жывапісцам, фатографам – кажа яго сябра й паплечнік Лявон Вольскі. Анемпадыстаў быў поўны ідэяў, многія зь якіх ужо ня ўдасца рэалізаваць. Незадоўга да сваёй сьмерці паэт зьбіраўся прыступіць да рэалізацыі вялікага музычнага праекту.

Лявон Вольскі: У яго была доўгая паўза ў напісаньні тэкстаў, але нядаўна ён стварыў цэлы шэраг. Гэта была даўняя задума, якую мы меркавалі рэалізаваць адразу пасьля «Народнага альбому», аднак яна адклалася на доўгія гады. І цяпер я ня ведаю, ці будзе яна зьдзейсьненая.

Міхал Анемпадыстаў са сваімі таварышамі «праклаў рэйкі, па якіх коціцца сучасная беларуская культура – і гэта самае галоўнае яго дасягненьне», – зазначае Максім Жбанкоў. «Без яго мы б відавочна былі іншымі, калі б былі ўвогуле», – кажа культуроляг.

Найлепшым ушанаваньнем памяці паэта й мастака будзе працягваць жывую беларускую культуру, якую й ствараў Міхал Анемпадыстаў – кажуць яго сябры. Варта натхняцца яго мастацкімі працамі, сьпяваць яго песьні й ствараць новыя.

Аляксандар Папко


Каб прыгадаць культавыя песьні Міхала Анемпадыстава, калі ласка, праслухайце гукавы файл.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт