У Гомелі злавілі банду з 10 непаўналетніх «паляўнічых на геяў»
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
16.01.2018 11:09
Падазраваныя «вучылі» сваіх ахвяр «правільным» паводзінам і пагражалі выкласьці відэа ў інтэрнэт, калі тыя не зразумеюць.
youtube.com/screen
Пракуратура Гомельскай вобласьці перадала ў суд справу групы непаўналетніх хлопцаў, якія знаёміліся ў сацсетках з мужчынамі, а пасьля зьдзекаваліся зь іх.
Агулам у справе некалькі эпізодаў, у кожным удзельнічала розная колькасьць фігурантаў. Усяго будуць судзіць 11 чалавек, толькі адзін зь іх паўналетні.
Некаторыя зь іх вучыліся ў прафэсійна-тэхнічных вучылішчах, некаторыя — нідзе. Школьнікаў сярод падазраваных няма.
Пацярпелых — трое. Гэта маладыя людзі, ад 22 да 30 гадоў.
Вядома, што меркаваныя злачынцы самі выходзілі на сувязь з будучымі ахвярамі. Яны знаёміліся ў інтэрнэце, прапаноўвалі сустрэцца, намякаючы на інтым. Суразмоўцы пагаджаліся, прызначалі сустрэчы на прыпынках грамадзкага транспарту. Там зь імі сустракаліся, адводзілі ў ціхае места, дзе праводзілі «размову»: пагражалі насільлем, палівалі зялёнкай, здымаючы гэта на відэа.
Аднаму з пацярпелых пагалілі палову галавы й аблілі яе зялёнкай. Другога — прымусілі памыць твар зялёнкай. Грошы ў пацярпелых не забіралі.
Падазраваныя «вучылі» сваіх ахвяр «правільным» паводзінам і пагражалі выкласьці відэа ў інтэрнэт, калі тыя не зразумеюць.
Цікава, што пацярпелыя не пайшлі ў міліцыю — гэта было ня ў іх інтарэсах. Справа закруцілася з падачы праваахоўнікаў, толькі пасьля таго, як пра «паляўнічых» стала вядома міліцыі.
У выніку дзеяньні падазраваных кваліфікавалі як злоснае і асабліва злоснае хуліганства. Максымальнае пакараньне па гэтых артыкулах Крымінальнага кодэкса — да 6 гадоў і да 10 гадоў адпаведна.
Акрамя таго, асобным удзельнікам справы інкрымінуюць крадзеж, рабаваньні, распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў у інтэрнэце.
наша ніва/вс