Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы - новы міністар замежных справаў і новы міністар абароны

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 09.01.2018 13:30
Прэм’ер Матэвуш Маравецкі правёў глыбокую рэканструкцыю ўраду.
Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда й новы міністар замежных справаў Яцэк Чапутовіч. Варшава, студзень, 2018Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда й новы міністар замежных справаў Яцэк Чапутовіч. Варшава, студзень, 2018

У Польшчы адбылася глыбокая рэканструкцыя ўраду. Прэм'ер Матэвуш Маравецкі правёў перастаноўкі на 9 міністэрскіх пазыцыях. У прыватнасьці, ён прызначыў новага міністра замежных справаў, міністра абароны, міністра аховы здароўя і міністра навакольнага асяродзьдзя.

Свае пасады пакінулі сябры ўраду, дзейнасьць якіх атрымала вельмі неадназначную ацэнку як унутры краіны, так і за яе межамі. Вітальда Вашчыкоўскага на пасадзе міністра замежных справаў замяніў палітоляг і ўнівэрсытэцкі выкладчык Яцэк Чапутовіч (Jacek Czaputowicz). На месца Канстанціна Радзівіла на пасаду міністра аховы здароўя быў прызначаны кардыёляг Лукаш Шумоўскі (Łukasz Szumowski). Міністрам аховы навакольнага асяродзьдзя замест Яна Шышкі стаў былы міністар дзяржаўнай маёмасьці Генрык Кавальчык (Henryk Kowalczyk).

Таксама пакінуў сваю пасаду міністар абароны Антоні Мацярэвіч. Яму на зьмену быў прызначаны былы міністар унутраных справаў Марыюш Блашчак (Mariusz Błaszczak). Яго на чале МУС замяніў функцыянэр кіроўнай партыі «Права й справядлівасьць» Ёахім Брудзіньскі (Joachim Brudziński).

Акрамя таго, Матэвуш Маравецкі прызначыў новага міністра прадпрымальніцтва й тэхналёгіяў, а таксама міністра фінансаў. Польскі Мінфін узначаліла эканаміст Тэрэза Чэрвіньска – полька, якая нарадзілася ў 1974 годзе ў латвійскім Даўгаўпілсе.

Новы склад ураду ўжо зацьвердзіў прэзыдэнт Польшчы. «Зьмены ва ўрадзе прывядуць да таго, што нашыя міністэрствы пачнуць працаваць яшчэ больш эфэктыўна», – заявіў Анджэй Дуда.

IAR/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт