Logo Polskiego Radia
Print

Украіна пагадзілася на экстрадыцыю затрыманага ў Чарнігаве беларуса

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 03.01.2018 08:11
У Беларусі Вячаслаў Кушнер абвінавачваецца ў перадачы хабараў у вялікіх памерах.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain


Новазаводзкі раённы суд Чарнігава абраў для затрыманага летась у лістападзе беларуса Вячаслава Кушнера экстрадыцыйны арышт для перадачы Беларусі.

Як вынікае з адпаведнага судовага рашэньня, Вячаслаў Кушнер будзе знаходзіцца ў сьледчым ізалятары да фактычнай экстрадыцыі ў Беларусь, але ня больш як да 27 сьнежня 2018 году. Такое рашэньне ўхвалена пасьля атрыманага ў сьнежні 2017 году Генэральнай пракуратурай Украіны адпаведнага звароту беларускага боку.

На судовым паседжаньні Кушнер назваў абвінавачаньні беларускага боку „сфабрыкаванымі” й ціскам на яго й беларускага бізнэсоўца, заснавальніка групы кампаній „Сармат-СТІ” і вядомага блёера Аляксандра Кныровіча (затрыманы ў Беларусі летась у студзені паводле абвінавачаньняў у нясплаце падаткаў у асабліва вялікім памеры).

Стала вядома, што ўжо пасьля затрыманьня Вячаслаў Кушнер зьвярнуўся да міграцыйных органаў Украіны з заявай на атрыманьне статусу ўцекача ва Ўкраіне.

У Беларусі Вячаслаў Кушнер абвінавачваецца ў „зьдзяйсьненьні злачынстваў, прадугледжаных часткай 2 артыкулу 431 Крымінальнага кодэксу Беларусі за сыстэматычную перадачу хабараў, у тым ліку й вялікіх памерах, дырэктару ТАА „АНШАНС ПЛЮС”. Факты перадачы хабару зафіксаваныя 6 чэрвеня й 24 сьнежня 2014 году, а таксама 21 траўня 2015 года. У верасьні 2017 году ў дачыненьні да Вячаслава Кушнера беларуская пракуратура санкцыянавала ягоны арышт.

Грамадзянін Беларусі Вячаслаў Кушнер знаходзіўся ва Ўкраіне легальна з канца 2016 году, а ў кастрычніку 2017 году атрымаў пасьведчаньне на сталае пражываньне ва Ўкраіне. Да затрыманьня ў Чарнігаве ён працаваў намесьнікам дырэктара пра продажах і маркетынгу ўкраінскага таварыства з абмежаванай адказнасьцю „ІНКО-ФУД БЕРДИЧІВ”.

svaboda.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт