Logo Polskiego Radia
Print

Польшча ўвяла новыя спрошчаныя правілы працаўладкаваньня для беларусаў

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 02.01.2018 11:17
Зьявіўся новы – сэзонны тып дазволу на працу.
pixabay.com/Public Domain CC0

З 1 студеня ў Польшчы ўступілі ў жыцьцё новыя правілы аб спрошчаным працаўладкаваньні грамадзянаў Армэніі, Беларусі, Грузіі, Малдовы, Расеі ды Ўкраіны. Быў уведзены новы тып сэзоннага дазволу на працу. Польшча зьмяніла заканадаўства, каб дастасаваць яго да патрабаваньняў дырэктывы Эўрапейскага зьвязу аб сэзонным працаўладкаваньні асобаў, які паходзяць з па-за Аб’яднанай Эўропы.

Сэзонны дазвол дае магчымасьць працаваць на польскім прадпрыемстве на працягу 180 дзён на год. У такіх сэктарах, як садаводзтва, сельская гаспадарка і турызм, працаваць можна будзе на працягу 270 дзён у год. Таксама зьяўляецца магчымасьць прыняць замежніка на працу на некалькі сэзонаў (на тэрмін да 3 гадоў).

Каб наняць грамадзянаў 6 постсавецкіх краінаў, працадаўцу дастаткова зарэгістраваць ва ўпраўленьні працы павету заяву аб намеры працаўладкаваньня замежніка, а затым выслаць гэтую заяву асобе, якую зьбіраецца прыняць на працу. Працадаўца павінен заплаціць збор за рэгістрацыю дакумэнта ў памеры 30 злотых (каля 7 эўра). На падставе заявы замежнік атрымае шэнгенскую візу альбо дазвол на пражываньне.

Польшча й раней уладкоўвала на працу грамадзянаў постсавецкіх краінаў паводле спрошчанай працэдуры. Аднак гэтая працэдура стварала магчымасьці для махінацыяў. Частымі былі выпадкі, калі польскія прадпрыемствы высылалі фікцыйныя заявы аб намеры прыняць на працу замежнікаў, а тыя, атрымаўшы візы, ехалі ў іншыя краіны Эўразьвязу, каб працаваць там нелегальна. Толькі ў 2016 годзе спрошчанай працэдурай працаўладкаваньня скарысталіся 1,3 мільёны чалавек.

www.mpips.gov.pl/sadyogrody.pl/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт