Logo Polskiego Radia
Print

Рыгоні: Наша канчатковая мэта — увесьці Беларусь у Раду Эўропы

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 24.11.2017 09:17
Да 27 лістапада зь візытам у Беларусі знаходзіцца дакладчык ПАРЭ Андрэа Рыгоні.
commons.wikimedia.org/ Витольд Муратов/CC BY-SA 3.0


Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы бачыць сваёй задачай набліжэньне Беларусі да каштоўнасьцяў Рады Эўропы, заявіў дакладчык ПАРЭ Андрэа Рыгоні на сустрэчы з намесьнікам прадстаўніка Палаты прадстаўнікоў Баляславам Пірштуком у Менску.

Рыгоні зьвярнуў увагу на інтэнсыўнасць свайго візыту ў Беларусь, у прыватнасьці, на заплянаваныя сустрэчы ў рэгіёнах.

„Мы бачым сваёй задачай набліжэньне Беларусі да стандартаў і каштоўнасьцяў Рады Эўропы. Наша канчатковая мэта - увесьці Беларусь у Раду Эўропы”, - падкрэсьліў прадстаўнік ПАРЭ.

Нагадаем, у падрыхтаваным у чэрвені дакладзе Андрэа Рыгоні адзначаў, што, нягледзячы на паляпшэньне палітычнага клімату аж да сакавіка 2017 году, сыстэматычнага паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі не назіраецца. Дзеля дасягненьня канчатковай мэты, то бок адмены сьмяротнага пакараньня ў Беларусі трэба яшчэ шмат чаго зрабіць, падкрэсьліў Рыгоні.

Ён таксама нагадаў, што ў час ліпеньскай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Менску Аляксандр Лукашэнка „пацьвердзіў, што мы робім крокі, каб прыйсьці да гэтай мэты”.

Цяперашні візыт Рыгоні будзе доўжыцца да 27 лістапада. Заплянаваныя сустрэчы дакладчыка ПАРЭ ў ніжняй палаце парлямэнта, Менскім абласным і Валожынскім раённым саветах дэпутатаў. Рыгоні таксама выступіць зь лекцыяй у Беларускім дзяржаўным пэдагагічным унівэрсытэце імя Максіма Танка.

24 лістапада з удзелам дакладчыка ПАРЭ пройдзе паседжаньне рабочай групы Нацыянальнага сходу па вывучэньні праблематыкі сьмяротнага пакараньня як інструмэнта пакараньня.

Беларусь застаецца адзінай эўрапейскай краінай, дзе ўжываюць сьмяротнае пакараньне. Менавіта з гэтай прычыны яна не ўваходзіць у Раду Эўропы — у 1993 годзе беларускі парлямэнт атрымаў статус спэцыяльнага запрошанага ў ПАРЭ, у 1997-м быў пазбаўлены яго пасьля рэфэрэндуму, які захаваў сьмяротнае пакараньне. Кожны сьмяротны прысуд у Беларусі традыцыйна асуджаецца інстытутамі Рады Эўропы.

belapan.com/spring96.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт