У Расеі зафіксавалі магутнае радыёактыўнае забруджаньне
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
21.11.2017 10:20
Выкід радыяцыі адбыўся каля Чалябінска й распаўсюдзіўся на ўсю Эўропу.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.RJA1988/pixabay.com/CC0 Public Domain
У горадзе Азёрск Чалябінскай вобласьці зафіксаваны экстрэмальна высокі ўзровень радыяцыйнага забруджаньня паблізу ядзернага камбіната "Маяк". Раней дзяржкарпарацыя "Расатам", якой належыць камбінат, абвяргала інфармацыю пра аварыю на прадпрыемстве.
Расейскае аддзяленьне "Грынпіс" мае намер зьвярнуцца ў пракуратуру з просьбай правесьці праверку наконт магчымага скрываньня факту выкіду радыяцыі.
У пачатку лістапада эўрапейскія навукоўцы зафіксавалі радыёактыўнае воблака над Эўропай. Гаворка ідзе пра выкід ізатопаў рутэнія-106. Зараз здароўю людзей нічога не пагражае, аднак у момант выкіду магла спатрэбіцца эвакуацыя. Навукоўцы выказалі здагадку, што крыніца выкіду знаходзіцца на Паўднёвым Урале.
У "Расатаме" назвалі гэтыя паведамленьні несапраўднымі. Расейскае аддзяленьне "Грынпіс" зьвярнулася ў Расгідрамэт з просьбай прадаставіць зьвесткі аб радыяцыйнай абстаноўцы на тэрыторыі Расеі. У адказ ведамства апублікавала дакумэнт, зь якога вынікае, што на камбінаце "Маяк" у верасьні, як мяркуецца, адбылася аварыя. Узровень радыяцыйнага забруджаньня ў стокілямэтровай зоне вакол прадпрыемства ў Расгідрамэце ахарактарызавалі як высокі й экстрэмальна высокі.
У ведамстве таксама пацьвердзілі, што ў пэрыяд з 25 верасьня па 6 кастрычніка "ўзьніклі ўмовы для актыўнага пераносу паветраных мас і забруджвальных рэчываў з тэрыторыі Паўднёвага Ўралу й паўднёвай Сібіры ў раён Міжземнамор'я й затым на поўнач Эўропы".
Камбінат "Маяк" зьяўляецца адным з найбуйнейшых расейскіх прадпрыемстваў па перапрацоўцы радыёактыўных матэрыялаў. Ён быў заснаваны ў 1948 годзе.
"Грынпіс" адзначае, што ўпершыню аб уцечцы радыёактыўных рэчываў з камбінату стала вядома праз год пасьля яго адкрыцьця - у 1949-1951 гадах камбінат зьліваў радыёактыўныя адкіды ў раку Цеча. Тады, паводле дадзеных "Грынпісу", апрамяненьню падвергнуліся больш за 100 тысяч чалавек, яшчэ 8 тысяч чалавек былі эвакуяваныя.
У 1957 годзе на прадпрыемстве адбыўся выбух ёмістасьці з радыёактыўнымі адкідамі. Апрамяненьню падвергнуліся каля 300 тысяч чалавек. Агульная тэрыторыя забруджаньня склала ад 15 да 20 тысяч квадратных кілямэтраў у Чалябінскай, Сьвярдлоўскай і Цюменскай абласьцях.
корреспондент/вс