Logo Polskiego Radia
Print

У Варшаве прайшла першая беларускамоўная інтэлектуальная гульня

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 05.11.2017 20:02
  • У Варшаве прайшла першая беларускамоўная інтэлектуальная гульня.mp3
Удзельнікі віктарыны Jakub Quiz, прысьвечанай юбілею Якуба Коласа, зьбіралі грошы на помнік Тадэвушу Касьцюшку.
Aliaksandr Papko/radyjo.net

Больш за 50 чалавек сабрала першая беларускамоўная паб-віктарына Jakub Quiz, якая прайшла ў сталіцы Польшчы. Гульня была прысьвечана 135-годзьдзю з дня нараджэньня клясыка беларускай літаратуры паэта Якуба Коласа.

10 камандаў спрабавалі адказаць на не самыя простыя пытаньні, якія датычылі беларускай літаратуры, гісторыі, сучаснай музыкі й беларускіх жартаў. Каб перамагчы, трэба было ведаць ня толькі біяграфію Якуба Коласа, але й вершы Андрэя Хадановіча, пэрсанажаў перадачы «Калыханка», аўтараў тэкстаў песень гурту BRUTTO, асаблівасьці сьвяткаваньня Дня дэсантніка й нават жыцьцёвы шлях Аляксандра Саладухі.

Арганізавалі віктарыну студэнты Аляксандар Лапко ды Алеся Пажытак. Гульні на беларускай мове будуць праводзіцца ў Варшаве й далей – кажа Аляксандар Лапко.

/

Аляксандар Лапко: Мы хочам праводзіць гульні на больш-менш рэгулярнай аснове. Кожны месяц у нас не атрымаецца, але мы будзем старацца прымеркаваць гульні да важных падзеяў і юбілеяў. Напрыклад, у сакавіку мы плянуем арганізаваць гульню, прысьвечаную стагодзьдзю абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.

Першае
Першае месца ў віктарыне Jakub Quiz заняла каманда «Толькі не гавары маёй маме».


Удзельнікі беларускай інтэлектуальнай гульні ў Варшаве сабралі суму ў 800 злотых (400 беларускіх рублёў). Грошы пойдуць на ўстаноўку помніка Тадэвушу Касьцюшку на яго радзіме – у маёнтку Мерачоўшчына на Берасьцейшчыне.

Аляксандар Папко, Варшава

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт