Пад лёзунгам «Ідзіце і абвяшчайце» ва ўсіх каталіцкіх парафіях у сьвеце адзначаецца Сусьветны місійны дзень. У Польшчы гэты дзень называецца Місійнай нядзеляй. Яна пачынае місійны тыдзень.
У гэты час каталікі даюць ахвяраваньні на дапамогу місійным дыяцэзіям. Ва ўсіх парафіях вернікі моляцца за місіянераў. Арганізуюцца сустрэчы са сьвятарамі, манахамі, манашкамі і сьвецкімі асобамі, якія працуюць у місіях.
Сястра Юліта Дзекан Францішканка, місіянерка Марыі, 10 гадоў працавала ў бальніцах і клініках ў Афрыцы, сярод мусульман. Спачатку ў Сэнэгале, затым у Маўрытаніі.
Ю.Дзекан: Калі я прыехала ў Маўрытанію, сёстры мне сказалі, што трэба мне зьняць вэлюм, бо мы там апранаемся па сьвецку. Зрабіць гэта мне было не проста. Спачатку я саромілася хадзіць з адкрытай галавой. Сёстры мне сказалі, што мы павінны даваць сьведчаньне жыцьця. Я не ведала як мне гэта зрабіць. Але з цягам часу я зразумела, што, каб даць сьведчаньне жыцьця, трэба жыць у блізкасьці да Езуса і яно само стане бачным.
Сястра Юліта Дзекан акушэрка. Пасьля таго, як зачынілі шпіталь ў Сэнэгалю, ордэн яе накіраваў у Маўрытанію. Манашка стала працаваць у вясковай клініцы.
Ю.Дзекан: Я паўтара году працавала ў вёсцы і я працавала ў паліклініцы, дзе была родзала, і я прымала роды вясковых жанчын. Супрацоўніцтва з мясцовымі ў мяне склалася вельмі добра. Гэта вельмі простыя людзі, але адначасова вельмі добразычлівыя. Для многіх я была першым белым чалавекам, хрысьціянкай, якую яны сустрэлі ў сваім жыцьці.
Цяпер сястра Юліта жыве ў Варшаве і чакае візы ў Лібан, каб там служыць тым, хто жыве ў нястачы.
У сьвеце працуе 350 тысяч місіянераў, крыху больш за 2 тысячы гэта палякі. Пераважна гэта манахі, манашкі, ксяндзы, але ёсьць таксама сьвецкія асобы. Яны працуюць у 97 краінах па ўсім сьвеце.
яс