Які вобраз Украіны расейскія СМІ стараюцца стварыць у сьвеце? Якія тэхнікі маніпуляцыі яны выкарыстоўваюць? Як беларусам шукаць спраўджаную інфармацыю пра падзеі ва ўсходняй суседцы і на Захадзе? На гэтыя пытаньні адказвае журналіст тэлеканалу «Белсат» Сяргей Пеляса. На канфэрэнцыі «Мэдыя-Расея. Пагрозы прапаганды», якая нядаўна прайшла ў Варшаве, беларускі экспэрт прадставіў дасьледаваньне на тэму расейскай інфармацыйнай палітыкі ў стасунку да Ўкраіны.
Спадар Сяргей, раскажыце, калі ласка, якія асноўныя мэты крамлёўскай прапаганды вам удалося вылучыць падчас вашага дасьледаваньня?
Сяргей Пеляса: Гэтых мэтаў некалькі. Па-першае, паказаць, што Ўкраіна зьяўляецца слабай дзяржавай, дзяржавай глыбока карумпаванай, палітыкі якой ня могуць выканаць свае рашэньні, дзяржавай, якая не выконвае Менскіх пагадненьняў. Расейскія СМІ кажуць, што Ўкраіна – гэта дзяржава, якая нясе пагрозу для сваіх суседзяў і зьяўляецца пагрозай для міжнароднай бясьпекі. Гэтыя ідэі распаўсюджваюцца на Захадзе, каб сапсаваць адносіны Ўкраіны з яе асноўнымі партнэрамі: Злучанымі Штатамі, Канадай, Польшчай.
Якім чынам, на думку крамлёўскіх СМІ, Украіна пагражае Захаду? Прывяду прыклад. У жніўні гэтага году брытанскі дасьледчы цэнтар апублікаваў здагадку, пра тое, што Ўкраіна магла прадаць Паўночнай Карэі ракетныя тэхналёгіі. Пазьней гэтую інфармацыю перадрукавала газэта New York Times. Якую выснову можна зрабіць? Украіна, маўляў, ня проста перадала тэхналёгію вытворчасьці ракетаў нейкай дзяржаве. Яна перадала тэхналёгію Паўночнай Карэі, якая цяпер зможа атакаваць ядзернай зброяй ЗША. І гэта вельмі сур’ёзныя справы. Усё гэта адбываецца ў час, калі ЗША прымаюць рашэньне ўпершыню перадаць летальную зброю Кіеву.
Вы сказалі, што дэзінфармацыя перадаецца нават праз заходнія дасьледчыя цэнтры. Празь якія каналы перадаецца непраўдзівая ці няправільна інтэрпрэтаваная інфармацыя ва Ўкраіне і на Захадзе?
Сяргей Пеляса: Я б хацеў адказаць на гэтае пытаньне трошкі іначай. Я хацеў бы параўнаць Беларусь з Украінай. У Беларусі самыя папулярныя тэлеканалы – гэта масавыя расейскія тэлеканалы. Каля паловы каналаў у сацыяльным пакеце – гэта тэлеканалы, якія маюць пераважна расейскі кантэнт. Да гэтага можна дадаць папулярныя расейскія сацсеткі і расейскія сайты. Ва Ўкраіне мэдыяляндшафт выглядае іначай. Там расейскія тэлеканалы забароненыя ў наземнай трансьляцыі і кабэльных сетках, там няма «гібрыдных» тэлеканалаў, якія б трансьлявалі расейскія прапагандысцкія ток-шоў ці навіны. Такімі каналамі ў Беларусі зьяўляецца АНТ, СТВ.
Ва Ўкраіне Расея мае больш складаную задачу. Там можна глядзець расейскія тэлеканалы толькі праз спадарожнік. Галоўны паток дэзінфармацыі ідзе праз украінскія СМІ, якія ў цэлым выглядаюць як незалежныя, але час ад часу даюць паведамленьні, якія маюць рысы дэзінфармацыі. Напрыклад, гэта тэлеканал NewsOne ці тэлеканал «112 Украіна». З сайтаў першы, які прыходзіць на думку – гэта strana.ua і газэта «Весті». Плюс ёсьць цэлая маса фікцыйных інфармагенцтваў ці сайтаў, пра заснавальнікаў і месца рэгістрацыі якіх нічога не вядома.
Напрыклад, гэта сайт з дзіўнай назвай BBCcCNN.com.ua. Гэты сайт актыўна распаўсюджваў дэзінфармацыю пра «забойства» расейскага актора Анатоля Пашыніна, які ваюе за Ўкраіну ў Данбасе. Гэта быў чысьцейшай вады фэйк. Украіна паспрабавала заблякаваць расейскія сацыяльныя сеткі VK.ru OK.ru і партал Yandex.ru. Ужо вядома, што гэтая забарона не да канца эфэктыўная, але прынамсі першы крок зроблены.
Якія асноўныя тэхнікі дэзінфармацыі выкарыстоўваюць пракрамлёўскія рэсурсы? Падчас свайго дакладу вы казалі, што іх больш за два дзесяткі.
Сяргей Пеляса: Амэрыканскі Цэнтар аналізу эўрапейскай палітыкі (CEPA) на сваім сайце ў рамках праекту CEPA Stratcom пералічвае 21 асноўную тэхніку маніпуляцыяў пракрамлёўскіх СМІ. У матэрыялах, якія я аналізаваў, былі выкарыстаныя некаторыя зь іх. Першая – гэта цалкам сфабрыкаваная інфармацыя. Падзея проста ня мела месца. Прыкладам можа паслужыць інфармацыя пра забойства Анатоля Пашыніна. Яго не забілі, гэтае паведамленьне было цалкам зьняпраўджана.
Другая тэхніка – падача часткова праўдзівага матэрыялу з пэўнай непраўдзівай інфармацыяй. Напрыклад, можа быць апублікаваны матэрыял з камэнтарам пэўнай асобы, якая гэтага камэнтару не давала. Як прыклад можна прывесьці паведамленьне, што ўвядзеньне бязьвізавага рэжыму з Украінай пагражае Эўрапейскаму зьвязу эпідэміяй тубэркулёзу. У гэтым матэрыяле быў камэнтар афіцыйнай асобы з ЭЗ, якая насамрэч не выказвалася на гэты конт.
Акрамя гэтага, могуць быць няправільныя інтэрпрэтацыі статыстычных дадзеных. Дадзеныя падаюцца праўдзівыя, але высновы зь іх робяцца маніпулятыўныя. Наступная тэхніка – гэта падача скандальнага крыклівага загалоўка, якому цалкам не адпавядае зьмест. Вельмі часта ў сацыяльных сетках, сустракаюцца сфабрыкаваныя візуальныя матэрыялы. Матэрыял пра падзеі ў Данбасе можа быць праілюстраваны здымкам з вайны ў Сірыі. Часьцей маніпулятары выкарыстоўваюць фота, часам – відэа.
Як звычайнаму тэлегледачу й карыстальніку сацыяльных сетак абараніць сябе ад маніпуляцыяў?
Сяргей Пеляса: Па-першае, вызначыць для сябе сьпіс з трох-чатырох СМІ, якім вы давяраеце, якіх ніколі не лавілі на маніпуляцыях. Іх трэба прытрымлівацца. Перш за ўсё, гэта вялікія дасьведчаныя СМІ, журналісты й рэдактары якіх вядомыя. Яны публікуюць матэрыялы, падпісаныя імем аўтара, падаюць крыніцы інфармацыі. Варта пацікавіцца тым, што пішуць пра пэўныя падзеі на замежных мовах. Калі ёсьць інфармацыя пра Заходнюю Эўропу – то варта пацікавіцца тым, што пішуць на гэтую ж тэму на заходніх сайтах, у першую чаргу па-ангельску.Калі інфармацыя пра Ўкраіну – то варта заходзіць на афіцыйныя ўкраінскія сайты, недзяржаўныя СМІ.
Ня верце сэнсацыям! Калі вы ўбачыце крыклівы загаловак пра тое, што нехта забіты альбо забіў, то не сьпяшайцеся пепапосьціць гэта ў сацыяльнай сетцы. Спачатку праверце, пашукайце ў Гугле, паглядзіце, ці нехта іншы пісаў пра гэтую падзею. Калі нехта цікавіцца тэмай дэзінфармацыі, то вата падпісацца на фэйсбук-профілі асноўных праектаў па барацьбе з дэзінфармацыяй. У Беларусі, на жаль, дагэтуль такога праекту няма. Такія праекты ёсьць ва Ўкраіне – напрыклад, StopFake. Такія праекты ёсьць на Захадзе. Гэта EU vs. Desinformation – афіцыйны праект Эўрапейскага зьвязу.
Аляксандар Папко