У мінулыя 7 дзён беларускія СМІ абмяркоўвалі сьмерць жаўнера тэрміновай службы ў «вучэбцы» ў пасёлку Печы, аптымістычныя прагнозы эканомікі Беларусі, а таксама візыт у Менск даўняга лацінаамэрыканскага саюзьніка Аляксандра Лукашэнкі. Як выкараніць дзедаўшчыну ў беларускай арміі? Ці вырасьце ўзровень жыцьця беларусаў у будучым годзе й ці варта спадзявацца дывідэндаў ад супрацоўніцтва з Вэнэсуэлай? Гэтыя тэмы ў «Палітычным люстэрку» абмяркоўваюць палітоляг Максім Руст і Аляксандар Папко.
Як выкараніць савецкі перажытак у войску?
Беларускія СМІ на мінулым тыдні ўскалыхнула сьмерць жаўнераў навучальным цэнтры ў Печах. 21-гадовага Аляксандра Коржыча знайшлі павешаным. У лістах сябрам ён скардзіўся на дзедаўшчыну. Па словах жаўнера, яго зьбівалі й адбіралі грошы. Гэта ня першы трагічны выпадак у вайсковых частках пад Барысавам. 31 сакавіка 2017 году ў інжынэрным палку скончыў жыцьцё самагубствам 25-гадовы жаўнер. Мінабароны Беларусі не раз заяўляла, што дзедаўшчына ў беларускім войску практычна выкараненая. Аднак выходзіць, што гэта не так. Што рабіць, каб пазбавіцца ад гэтага небясьпечнай і ганебнай зьявы?
Максім Руст: Натуральна, дзедаўшчына цяпер не такая, як яшчэ 15 гадоў таму, і да сьмерцяў, дзякуй Богу, даходзіць вельмі рэдка, але савецкі перажытак у войску не пераможаны. Самым простым спосабам было б не абавязковае, а прафэсійнае кантрактнае войска. Але пакуль такой пэрспэктывы няма, і каб выкараніць дзедаўшчыну, перадусім трэба сапраўдная воля кіраўніцтва краіны. З аднаго боку, трэба рэфармаваць структуру кіраўніцтва вайсковымі падразьдзяленьнямі – каб афіцэры не думалі, што дзедаўшчына – гэта традыцыя, дзякуючы якой дысцыпліна падтрымліваецца сама, а ў іх менш працы. З другога боку, трэба, каб у маладых вайскоўцаў былі нармальныя ўмовы: заробак, больш магчымасьцяў каб бачыцца з сям'ёй і гд. Але трэба зьмяняць і культуру ў закрытых супольнасьцях, перадусім у малых гарадах. Маладыя людзі там часьцей успрымаюць гвалт як нешта нармальнае, і пазьней пераносяць гэта і ў войска.
Мадура прыехаў у Менск «па інэрцыі»
5 кастрычніка Менск наведаў прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікалас Мадура. У бліжэйшыя два гады Беларусь і Вэнэсуэла плянуюць нарасьціць супрацоўніцтва – паведамілі дзяржаўныя СМІ. Ці ўдасца Беларусі разьвіць эканамічнае супрацоўніцтва з краінай, якая знаходзіцца на мяжы эканамічнага й палітычнага каляпсу? Навошта Мадура прылятаў у Менск?
Максім Руст: Я думаю, гэта быў проста візыт па інэрцыі – Мадура не ехаў спэцыяльна ў Менск, а вяртаўся з Масквы, а беларускае кіраўніцтва настальгавала па залатым веку ў беларуска-вэнэсуэльскіх адносінах з часоў Чавэса. Няма ніякіх падставаў, каб эканамічнае супрацоўніцтва жвава разьвівалася далей. Вэнэсуэла амаль банкрут па ўсіх накірунках, а тавараабарот за першае паўгодзьдзе склаў толькі каля 5,5 мільёнаў даляраў, і ў гэтым больш за 90% экспарту з Беларусі. Гэта адзіны выпадак з такім пазытыўны для Менска эканамічным сальда. Ідэалягічнае сяброўства яшчэ працягнецца, але да часу, пакуль Каракас зможа хоць неяк выконваць свае фінансавыя абавязацельствы. Мне падаецца, галоўнай мэтай Мадуры было пацьвердзіць пастаўкі зь Беларусі й адцягнуць ці скасаваць частку даўгоў перад Менскам. І менавіта таму я лічу, што беларуска-вэнэсуэльскія адносіны – гэта сяброўства на паказ, якое хутка скончыцца.
Павышэньне ў рэйтынгу дапаможа прыцягнуць крэдыты й інвэстыцыі
8 кастрычніка міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Standard & Poorʼs павысіла доўгатэрміновыя сувэрэнныя крэдытныя рэйтынгі Беларусі з пазыцыі «В-» да «В». Экспэрты агенцтва прагназуюць, што ў 2017-2020 гадах эканамічны рост у Беларусі будзе складаць каля 2% у год. Як пазытыўны прагноз адабʼецца на эканамічнай сытуацыі ў краіне? 2% эканамічны рост – гэта многа ці мала?
Максім Руст: Для Беларусі павышэньне рэйтынгу гэта безумоўна плюс, але ён не азначае аўтаматычнага паляпшэньня эканамічнай сытуацыі краіны ці дабрабыту насельніцтва. Гэта толькі патэнцыяльная магчымасьць прыцягнуць новыя інвэстыцыі з-за мяжы. Але рэфармаваць эканоміку трэба самім. Беларусь – гэта лідар у СНД па прамым замежным інвэстыцыям, але амаль усе яны ідуць з Расеі. Для Беларусі прагноз эканамічнага росту ў 2% гэта не многа ці мала, а сярэдні стабільны паказчык, які добра было б дасягнуць і ўтрымаць. Але замежны доўг краіны амаль 40% ВУП, пры крытычнай лічбе ў 45%. Таму дадзены рэйтынг і прагноз – гэта шанец, які шкада было б змарнаваць.
Эфэктыўнасьць «турэмнага калгасу» будзе невысокай
У Беларусі створаць калгас для вязьняў. Аграпрамысловая гаспадарка «Хутар-Агра» пачне працу з 1 студзеня 2018 года ў Сьветлагорскім раёне. Яго ствараюць, каб «больш эфэктыўна займацца сельскай гаспадаркай» – паведаміў 7 кастрычніка начальнік Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Сяргей Дарошка. Гэта ня першая экзатычная ідэя Міністэрства ўнутраных справаў. Са жніўня гэтага году вязьні гомельскай калёніі № 4 шыюць форму для маладых хакеістаў. Навошта МУС выступае з такімі прапановамі? Наколькі прыбытковай і якаснай будзе праца «турэмнага калгасу»?
Максім Руст: Я разглядаю справу з іншага ракурсу – рэсацыялізацыя праз працу гэта вельмі важная й патрэбная справа для кожнага грамадзтва. І калі б у Беларусі рэалізавалі, напрыклад, скандынаўскую мадэль, то я б быў толькі за. Але я баюся, што сярод чыноўнікаў яшчэ папулярнае амаль «гулагаўскае» мысьленьне ў гэтай галіне, дзе такія ўстановы разглядаюцца як крыніца вельмі таннай працоўнай сілы. Таму, на жаль, казаць пра сацыяльную ці эканамічную абгрунтаванасьць «турэмнага калгасу» вельмі заўчасна.
Размаўляў Аляксандар Папко