Напрыканцы верасьня спэцслужбы й міліцыя Беларусі ў чарговы раз правялі вобшукі ў дамах актывістаў анархісцкага руху. Хто яны - беларускія анархісты? Чым займаюцца, якія ідэі прапагандуюць і ці сапраўды зьяўляюцца тымі страшнымі радыкаламі, пра якія пішуць СМІ? На гэтыя пытаньні нам адказвае дасьледчык анархісцкага руху, супрацоўнік Інстытуту гісторыі Польскай Акадэміі Навук Аляксандар Ланеўскі. Свой даклад, прысьвечаны вобразу анархістаў у беларускіх СМІ, Аляксандар Ланеўскі прадставіў на міжнародным кангрэсе дасьледчыкаў Беларусі, які нядаўна прайшоў у Варшаве.
Спадар Аляксандар, падчас Міжнароднага кангрэсу дасьледчыкаў Беларусі вы прадставілі даклад на тэму, якой мала хто займаецца – анархізм у Беларусі. Беларускіх анархістаў дзяржаўныя СМІ прадстаўляюць як небясьпечных радыкалаў, якія носяць чорнае адзеньне, маскі, маюць усе візуальныя прыкметы гатоўнасьці да агрэсіі. Ці насамрэч анархісты – гэта агрэсіўныя радыкалы?
Аляксандар Ланеўскі
Аляксандар Ланеўскі: Беларускія анархісты – гэта зусім не тэрарысты-бамбісты, якімі іх паказваюць дзяржаўныя СМІ. Гэты стэрэатып нарадзіўся больш за 100 гадоў таму, калі анархісты, у большасьці сваёй, сапраўды былі бамбістамі. Сёньня анархісты займаюцца вельмі рознымі мірнымі ініцыятывамі. А маскі беларускія анархісты носяць таму, што бязь іх спэцслужбы зацягаюць актывістаў па вязьніцах, зацкуюць і не дадуць жыць. Гэта проста прынцыповы спосаб абароны.
Якія анархісцкія згуртаваньні сёньня існуюць у Беларусі?
Аляксандар Ланеўскі: Ёсьць вельмі шмат малых суполак, але асноўных вялікіх згуртаваньняў некалькі. Гэта «Рэвалюцыйнае дзеяньне», гэта сетка розных калектываў «Ежа замест бомбаў», гэта анарха-суполка «Прамень», гэта асьветніцкая ініцыятыва «Вольная думка» (якая нават мае ўласную бібліятэку), група этнаанрахістаў «Пошуг», а таксама вельмі важная група «Анархісцкі чорны крыж».
Чым займаюцца гэтыя групы? Якія ідэі яны прапагандуюць?
Аляксандар Ланеўскі: Анархісты прапагандуюць ідэі прамой дэмакратыі, самаарганізацыі й самакіраваньня. Прамая дэмакратыя – гэта прынцып, згодна зь якім людзі, якія жывуць на канкрэтнай вуліцы ці працоўныя калектывы самі прымаюць рашэньні, якія датычаць іх жыцьця. Анархісты вельмі шмат робяць для экалёгіі, дапамагаюць працоўным. Менавіта яны першымі арганізавана выступілі супраць так званага «падатку на дармаедаў», уведзенага Дэкрэтам №3.
Чаму беларускія ўлады жорстка перасьледуюць анархістаў на працягу ўжо амаль 10 гадоў? У нядаўніх прапагандысцкі фільмах анархісты паказваюцца як адна з галоўных пагрозаў дзяржаве. Іх перасьледуюць таму, што яны сапраўды гатовыя да радыкальных дзеяньняў? Ці таму, што яны зьяўляюцца ледзьве не апошняй грамадзкай групай, якая арганізуецца «ўжывую», а не ў інтэрнэце?
Аляксандар Ланеўскі: У адрозьненьне ад палітычнай беларускай апазыцыі, анархісты маюць вялікую культуру бясьпекі. У іх няма афіцыйных лідараў, партыйных сьпісаў, яны не фармалізаваныя. Так, яны гатовыя дзейнічаць рашуча. Але што значыць «радыкалізм»? Прыйсьці на дэманстрацыю ў масцы й паказаць сваю грамадзянскую пазыцыю – гэта радыкалізм? Гэта грамадзянскі ўчынак! Спэцслужбы проста ня ведаюць колькасьці анархістаў у Беларусі, таму паказваюць па тэлебачаньні такія прапагандысцкія матэрыялы.
У адрозьненьне ад палітычнай апазыцыі, анархісты будуць дзейнічаць нават тады, калі затрымаюць двух ці трох лідараў. Гэта нефармальныя суполкі, і іх у Беларусі вельмі многа. Ня толькі спэцслужбы, але й самі анархісты ня ведаюць колькасьці іх удзельнікаў. Беларускія дзяржаўныя ўлады, як кожныя дзяржаўныя ўлады, баяцца таго, чаго ня ведаюць, таго, каго не ўдаецца кантраляваць. Анархісцкі рух непадкупны. Можна падкупіць аднаго актывіста, але гэта нізавая структура, якая будзе разьвівацца незалежна ад рэпрэсіяў.
Хацеў бы вярнуцца да пытаньня палітычнай культуры й ролі анархістаў у беларускім грамадзтве. Які ўклад могуць зрабіць анархісты ў дэмакратычную палітычную культуру, якую, я спадзяюся, мы ўсе хочам разьвіваць у Беларусі?
Аляксандар Ланеўскі: У сучасным сьвеце можна прывесьці шмат прыкладаў, калі ідэі, блізкія да анархізму, рэалізуюцца на практыцы. Гэта тэрыторыя індзейцаў у мэксыканскім штаце Чыяпас, гэта сучасны Курдыстан; у бразыльскім горадзе Порту-Алегры людзі ствараюць партысыпацыйныя бюджэты й самі вырашаюць, куды выдаткоўваць грошы падаткаплацельшчыкаў. Гэта робяць яны самі, а ня мэр і гарадзкая рада.
Беларускія дзяржаўныя СМІ паказваюць анархістаў як маргіналаў: людзей без сталага месца працы й пражываньня, як людзей, якія ня маюць будучыні. Як выглядаюць жыццёвыя кар’еры анархістаў? Куды сыходзяц актывісты, калі ім спаўняецца 30, 40 гадоў?
Аляксандар Ланеўскі: У сучасным беларускім анархісцкім руху ёсьць многа людзей, якім па 30 і больш гадоў. Так што анархісты – гэта ня толькі юнакі. У гісторыі шмат прыкладаў анархістаў, якія былі разумнейшымі людзьмі свайго часу. Напрыклад, гэта Пётр Аляксеевіч Крапоткін альбо Міхаіл Бакунін.
Анархісты на захадзе зьяўляюцца аўтарытэтамі ў галіне навукі. Блізкія да ідэяў анархізму антраполяг Дэвід Грэбэр, гісторык і філёзаф Ноам Чомскі. У Расеі ці ў Польшчы прафэсары-анархісты выкладаюць ва ўнівэрсытэтах, выдаюць кнігі...
А калі казаць пра Беларусь?
Аляксандар Ланеўскі: Некаторыя працуюць у недзяржаўных арганізацыях – перадусім экалягічных, некаторыя разьвіваюць IT-фірмы. У гэтай сфэры працуе, напрыклад, былы палітвязень Аляксандар Францкевіч. Іншы палітвязень Мікалай Дзядок ужо выдаў кнігу й рыхтуецца да выданьня другой. Гэта інтэлектуалы.
Размаўляў Аляксандар Папко