Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда прадставіў польскаму парлямэнту новыя праекты законаў аб рэформе Вярхоўнага суду й Дзяржаўныя судовай рады. Па словах прэзыдэнта, яго прапановы зьмяншаюць уплыў кіроўнай партыі і ўраду на працу вышэйшых судовых ворганаў Польшчы. Законапраекты, распрацаваныя прэзыдэнтам Польшчы, могуць паставіць кропку ў вострых спрэчках вакол зьменаў у судовай сыстэме, якія ў ліпені выклікалі шматтысячныя грамадзкія пратэсты.
Прадстаўляючы ў панядзелак праекты законаў аб Вярхоўным судзе й Дзяржаўнай судовай радзе, прэзыдэнт Польшчы заявіў, што выканаў абяцаньні, якія даў напрыканцы ліпеня. Тады Анджэй Дуда наклаў вета на два законы аб зьмене судовай сыстэмы, прапанаваныя ўрадам і прынятыя парлямэнтам. Сваё рашэньне прэзыдэнт аргумэнтаваў тым, што законы давалі міністру юстыцыі й кіруючай партыі занадта вялікі ўплыў на дзейнасьць судоў. Па словах прэзыдэнта Польшчы, прапанаваныя ім законапраекты гэтую праблему ліквідуюць.
Анджэй Дуда: Адной з праблемаў была велізарная ўлада генэральнага пракурора й міністра юстыцыі над Вярхоўным судом. Іншае пытаньне датычылася парлямэнцкай большасьці, якая выбірае чальцоў Дзяржаўнай судовай рады, што прызначае судзьдзяў. Усе свае абяцаньні я выканаў.
Прапанаваны прэзыдэнтам Польшчы законапраект прадугледжвае, што сябраў Дзяржаўнай судовай рады будзе выбіраць парлямэнт, аднак не звычайнай, а кваліфікаванай большасьцю ў 3/5 галасоў. Новаўвядзеньнем, у параўнаньнем з папярэднімі праектамі, зьяўляецца й тое, што кандыдатаў на чальцоў рады змогуць вылучаць групы ў 2 тысячы грамадзянаў.
Законапраект Анджэя Дуды прадугледжвае, што калі Сэйм ня зможа выбраць сябраў Дзяржаўнай судовай рады на працягу двух месяцаў, то іх выбярэ прэзыдэнт. Аднак такое новаўвядзеньне будзе патрабаваць зьмены канстытуцыі. Таму прэзыдэнт Польшчы запрасіў прадстаўнікоў усіх палітычных партыяў на абмеркаваньне гэтай праблемы.
Наступны законапраект датычыць дзейнасьці Вярхоўнага суду. Згодна з дакумэнтам, у ім павіныя быць створаныя дзьве новыя палаты – Палата надзвычайнага кантролю і грамадзкіх справаў, а таксама Дысцыплінарная палата. Згодна з праектам, судзьдзі будуць выходзіць на пэнсію ва ўзросьце 65 гадоў, але змогуць зьвяртацца да прэзыдэнта з просьбамі працягнуць іх паўнамоцтвы.
Праект закону аб Вярхоўным судзе прадугледжвае таксама, што грамадзяне змогуць зьвяртацца ў гэты ворган з так званай «надзвычайнай скаргай» на дзейнасьць судоў ніжэйшай інстанцыі. Калі раней Вярхоўны суд разглядаў скаргі на працэдуру прыняцьця судовых рашэньняў, то цяпер ён зможа пераглядаць самі прысуды.
Анджэй Дуда: Мы прапануем рашэньне, якое мы назвалі «надзвычайная скарга». Гэта магчымасьць падаць скаргу на кожны правамоцны вэрдыкт кожнага суду – раённага, акружнога, апэляцыйнага ці нават Вярхоўнага. Калі нехта адчувае сябе пакрыўджаным рашэньнем суду, ён будзе мець магчымасьць падаць надзвычайную скаргу ў Вярхоўны суд.
Прэс-сакратар кіроўнай партыі «Права й справядлівасьць» Бэата Мазурэк паведаміла, што прадстаўнікі яе партыі прымуць удзел у дыскусіі над законапраектамі аб рэформе судовай сыстэмы.
Бэата Мазурэк: Мы адкрытыя для дыялёгу і гатовыя заключыць паразуменьне. Мы ўжо ведаем, што партыя Nowoczesna.pl ня бачыць магчымасьцяў зьмяніць канстытуцыю й лічыць, што ўсе рэформы трэба рабіць у рамках цяперашняга асноўнага закону. Таму, думаю, вяртаньня да дыскусіі аб зьмене канстытуцыі ня будзе. Трэба задумацца над тым, як правесьці выбар судзьдзяў большасьцю 3/5 галасоў, прыняўшы пад увагу інтарэсы нашых парлямэнцкіх апанэнтаў.
Прэс-саккратар самай вялікай апазыцыйнай партыі «Грамадзянская плятформа» Ян Грабец, у сваю чаргу, паведаміў, што яго згуртаваньне расчараванае законапраектамі прэзыдэнта Дуды. Яго партыя не намераная ўдзельнічаць у запрапанаванай прэзыдэнтам сустрэчы з мэтай абмеркаваць праект рэформы.
Ян Грабец: Насамрэч мы маем дачыненьне з перацягваньнем канату паміж спадаром прэзыдэнтам Анджэем Дудам і міністрам юстыцыі Зьбігневам Зёбрам. Перацягваньне гэтае датычыць таго, хто зь іх у большай ступені возьме пад кантроль судовую сыстэму, будзе мець большы ўплыў на суды, якія дагэтуль былі незалежнымі. Гэта не рэформа судовай сыстэмы.
24 ліпеня прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда наклаў вета на ўхваленыя парлямэнтам законы аб рэформе Вярхоўнага суду й Дзяржаўнай судовай рады, але разам з тым падпісаў закон аб функцыянаваньні судоў агульнай юрысдыкцыі. Усе тры законы ўваходзілі ў пакет рэформаў судовай сыстэмы, якую абяцала правесьці кіроўная партыя «Права й справядлівасьць».
Анджэй Дуда адмовіўся падпісваць закон, які прадугледжваў выбар чальцоў Дзяржаўнай судовай рады звычайнай большасьцю дэпутатаў. Акрамя таго прэзыдэнт наклаў вета на закон, які прадугледжваў адстаўку ўсіх судзьдзяў Вярхоўнага суду і іх наступнае прызначэньне міністрам юстыцыі. Прынятыя парлямэнцкай большасьцю зьмены ў судовай сыстэме Польшчы выклікалі шматтысячныя пратэсты напрыканцы ліпеня гэтага году. Пасьля абвяшчэньня сваёй адмовы прыняць законы, прэзыдэнт Анджэй Дуда заявіў, што прадставіць новыя прапановы судовай рэформы праз 2 месяцы.
Падрыхтаваў Аляксандар Папко