Адвакатаў, якія абараняюць фігурантаў «справы патрыётаў» пазбаўляюць ліцэнзіі. Гэта спроба зьнішчыць рэшткі незалежнасьці адвакатуры й адахвоціць юрыстаў абараняць удзельнікаў палітычных працэсаў – заяўляюць праваабаронцы. Яны абяцаюць зьвярнуць увагу міжнароднай супольнасьці на перасьлед беларускіх адвакатаў.
Атэстацыйная камісія Міністэрства юстыцыі Беларусі пазбавіла ліцэнзіі адвакатку Ганну Бахціну, якая абараняе фігуранта «справы патрыётаў» Міраслава Лазоўскага. Пра гэта ў аўторак паведаміла старшыня Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» Ніна Шыдлоўская, якая прадстаўляе інтарэсы Міраслава Лазоўскага.
Ніна Шыдлоўская: Падчас вельмі доўгага экзамэну Галіну Віктараўну – чалавека з амаль 40-гадовым юрыдычным стажам – распытвалі, нібыта студэнтку, пра ўсё што заўгодна. А пазьней ёй паведамілі, што яна не прайшла пераатэстацыю «у сувязі зь недастатковай прафэсійнай кваліфікацыяй». У рашэньні, якое паказалі Ганьне Віктараўне, не было пазначана артыкулу, на падставе якога было прынятае гэтае рашэньне. Таму яна адмовілася падпісваць дакумэнт.
Ганна Бахціна мае 38 гадоў адвакацкага стажу. Яна неаднаразова абараняла фігурантаў палітычных працэсаў – Эніру Браніцкую, Ірыну Халіп, Эдуарда Пальчыса й іншых.
Па словах Ніны Шыдлоўскай, адвакатка намераная абскардзіць рашэньне атэстацыйнай камісіі. Ганна Бахціна – не адзіны абаронца фігурантаў «справы патрыётаў», якую Мін’юст пазбавіў ліцэнзіі. Ёсьць іншыя – кажа супрацоўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка.
Павал Сапелка: Ёсьць зьвесткі яшчэ пра некалькі адвакатаў, якіх пазбавілі ліцэнзіі. Гэта нішто іншае, як прамое ўмяшальніцтва выканаўчай улады (Міністэрства юстыцыі) у дзейнасьць фармальна незалежнага інстытуту адвакатуры. Такі ціск мы назіраем упершыню з часу жорсткага разгрому адвакацкіх свабодаў у 2011 годзе.
У выпадку калі адвакатаў фігурантаў «справы патрыётаў» пазбавяць ліцэнзіі, ім тэрмінова трэба будзе шукаць новых абаронцаў. Зрабіць гэта ўдзельнікам палітычных працэсаў будзе цяпер значна цяжэй – прагназуе Павал Сапелка. Сёньня – не апошні дзень, калі могуць прыйсьці дрэнныя навіны – камэнтуе юрыст. У верасьні Міністэрства юстыцыі праводзіць цэлы шэраг атэстацыяў адвакатаў.
Летам гэтага году Мінюст арганізаваў пазачарговыя праверкі ў Менскай гарадзкой і Магілёўскай абласной калегіях адвакатаў. У выніку 23 абаронцы ў Менску й двое ў Магілёве былі выкліканыя на атэстацыю.
Сёлетнюю кампанію ціску на адвакатаў Павал Сапелка параўноўвае з «пераатэстацыяй» , якую беларускія ўлады арганізавалі на пачатку 2011 году. Тады ліцэнзіяў былі пазбаўленыя ня менш за сямёра юрыстаў. Яны абаранялі фігуратнаў «справы аб масавых беспарадках» арыштаваных пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году.
На думку Ніны Шыдлоўскай, улады аказваюць ціск на адвакатаў напярэдадні 21 верасьня. У гэты дзень «справа патрыётаў» павінна быць альбо працягнутая, альбо спыненая.
Ніна Шыдлоўская: На сёньняшні момант ніякіх актыўных сьледчых дзеяньняў ані ў дачыненьні да Міраслава Лазоўскага, ані ў дачыненьні да іншых фігурантаў справы, не праводзіцца. 21 верасьня павінна быць прынятае рашэньне альбо пра працяг справы, альбо пра яе спыненьне. Гэта юрыдычна важны тэрмін. У гэты дзень у іх павінен быць адвакат.
Супрацоўнікі праваабарончага цэнтру «Вясна» абяцаюць зьвярнуць увагу міжнароднай супольнасьці на перасьлед беларускіх адвакатаў.
Павал Сапелка: Канешне, мне хацелася б, каб ініцыятыва зыходзіла ад адвакацкай супольнасьці. Але, хутчэй за ўсё, ніякай рэакцыі мы не пачуем. Праваабаронцы, безумоўна, будуць рэагаваць. Як гэта будзе адбывацца, у рамках які мерапрыемстваў – мы пакуль адказаць ня можам. Гэта тэрміновы вылік, які яшчэ трэба абмеркаваць.
Праваабаронца Павал Сапелка пакуль не бярэцца сказаць, ці зьяўляецца пазбаўленьне ліцэнзіі Ганны Бахціной і іншых адвакатаў вынікам таго, што яны вырашылі абараняць фігурантаў «справы патрыётаў». Ён схільны меркаваць, што ўлады разгарнулі агульную кампанію ціску на юрыстаў. «Аднак вельмі верагодна, што такі ціск на адвакатаў будзе мець нэгатыўныя наступствы й для фігурантаў гэтай справы», – зазначыў Павал Сапелка.
Аляксандар Папко