Logo Polskiego Radia
Print

Чым можа пахваліцца ў сьвеце польскі ВПК (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 10.09.2017 09:57
Спэцыяліст: Гэта электроніка, радары, элемэнты баявой экіпіроўкі, артылерыя, напрыклад, САУ «Krab» альбо РСЗА «Langusta».
Самаходная артылерыйская ўстаноўка (САУ) "Краб" польскай вытворчасьціСамаходная артылерыйская ўстаноўка (САУ) "Краб" польскай вытворчасьціwww.dgrsz.mon.gov.pl/ppłk Szczepan Głuszczak

У ходзе Міжнароднай выставы абароннай прамысловасьці, якая ў пятніцу закончылася ў горадзе Кельцэ, было падпісана 5 пагадненьняў на пастаўку ваеннай тэхнікі для Войска Польскага.

У прыватнасьці, у распараджэньне польскай арміі паступяць баявыя разьведвальныя машыны «LPU Wirus 4», прыборы начнога бачаньня, снайпэрскія вінтоўкі й супрацьтанкавыя міны.

Баявая
Баявая разьведвальная машына «LPU Wirus 4»/PAP/Piotr Polak

Усе кантракты былі заключаныя з польскімі кампаніямі. Кошт кантракту, напрыклад, са зброевым заводам «Лучнік» на пастаўку 53 тыс. сучасных аўтаматаў Grot MSBS 5.56 склаў 500 млн злотых - больш за 117 млн эўра.

Аўтамат
Аўтамат Grot MSBS 5.56/PAP/Piotr Polak

Польская армія атрымае 118 лёгкіх бронеаўтамабіляў «LPU Wirus 4». Гэта сучасныя баявыя машыны, дзякуючы якім можна выконваць задачы ў радыюсе да 150 кілямэтраў у тыле ворага. Адна такая машына ўмяшчае трох ваеннаслужачых і можа быць выкарыстаная ў любых умовах надвор'я. Ужо сёлета першыя машыны пройдуць армейскія выпрабаваньні.

Таксама польская армія атрымае больш за 880 прыбораў начнога бачаньня, частка якіх будзе аддадзеная ў распараджэньне Войскаў тэрытарыяльнай абароны.

У сваю чаргу зброевы завод з гораду Тарнаў паставіць арміі 650 снайпэрскіх вінтовак «BOR», дальнасьць стральбы якіх складае 1200 мэтраў.

Нашым суразмоўцам зьяўляецца рэдактар Барташ Главацкі (Bartosz Głowacki) з вайсковага часопісу Raport Wojsko Technika Obronność.

Ці выстава ў горадзе Кельцэ можа стаць штуршком да разьвіцьця ваенна-прамысловага комплексу (ВПК) Польшчы?

Барташ Главацкі: Можа быць, але пры ўмове, што будуць створаныя рамкі разьвіцьця й падпісаныя пагадненьні, датычныя каапэрацыі, з замежнымі кампаніямі ВПК.

ВПК Польшчы ў апошні час атрымаў стымуляцыю з боку ўраду. Нагадаю, Войска Польскае закупіла 53 тыс. аўтаматаў “Грот” і каля 120 лёгкіх бронеаўтамабіляў «LPU Wirus 4».

Барташ Главацкі: Гэта толькі пэўныя элемэнты. Калі ж казаць пра больш канкрэтныя закупкі для польскай арміі, то ў гэтым выпадку неабходна назваць кантракт на пакупку верталётаў ды сыстэм супрацьпаветранай абароны. І гэта таксама можа быць шанцам для польскай ваеннай прамысловасьці, у тым ліку й на ўсталяваньне супрацы зь вядомымі канцэрнамі.

Вы згадалі пытаньне пакупкі Войскам Польскіх шматмэтавых верталётаў. Дарэчы, у Польшчы існуюць заводы, якія выпускаюць верталёты. Нагадаем нашым слухачам, што Польшча плянавала прызначыць на пакупку шматмэтавых верталётаў ажно 13,5 млрд злотых (больш за 3 млрд 100 млн эўра). У выніку тэндэру быў выбраны францускі верталёт Caracal. Варшава хацела купіць 50 машын. Аднак неспадзявана рэалізацыя кантракту была спыненая восеньню 2016 году, што прывяло да напружаньня паміж Парыжам і Варшавай. Паводле вас, чаму так здарылася й чаму армія надалей ня мае новых верталётаў?

Барташ Главацкі: Гэтае пытаньне перш за ўсё трэба было б задаць нашаму Міністэрству нацыянальнай абароны. Я не выключаю, што спазьненьне можа быць зьвязанае зьменамі ўмоваў тэндэру. Але, нагадаю, гэта ўсяго толькі домыслы. Складана пра нешта казаць, ня ведаючы падрабязнасьцей, а праграма па пакупцы верталётаў засакрэчаная й доступ да яе мае вельмі абмежаванае кола людзей. І тым больш да яе доступу ня маюць журналісты.

ВПК кожнай дзяржавы спэцыялізуецца ў пэўных галінах. Канешне, ня кажучы пра ЗША, Расею альбо Францыю, ваенная прамысловасьць якіх вырабляе амаль усё для войска. Але меншыя краіны маюць так бы мовіць сваю спэцыялізацыю. Для прыкладу, Украіна вядомая сваёй танкавай і авіяцыйнай прамысловасьцю, выпускае авіяцыйныя ды ракетныя рухавікі; у сваю чаргу Беларусь вырабляе сыстэмы кіраваньня агнём, мікрасхемы, оптыку, цягачы. Паводле вас, у якой галіне моцная Польшча, якую ваенную прадукцыю яна магла б пасьпяхова прасоўваць на замежныя рынкі?

Барташ Главацкі: Безумоўна, гэта электроніка, радары, элемэнты баявой экіпіроўкі. Калі ж казаць пра буйнейшую тэхніку й зброю, то гэта артылерыя, напрыклад, САУ «Krab» альбо

Давайце вернемся да лёгкага бронеаўтамабіля «LPU Wirus 4», які закупіць Войска Польскае. Такога роду аўтамабілі становяцца папулярныя ў арміях сьвету. Больш за тое, іх самастойна пачынаюць выпускаць іншыя краіны. Напрыклад, ва Ўкраіны ёсьць «Трытон», «Спартан», іншыя машыны; Беларусь у сваю чаргу выпусьціла «Віцім», «Волат В1», «Кайман». Чым абгрунтоўваецца вялікае зацікаўленьне да такога роду тэхнікі?

Барташ Главацкі: Перш за ўсё спэцыфікай ваенных дзеяньняў, бо такія аўтамабілі вельмі патрэбныя падразьдзяленьням спэцсілаў. Дзякуючы машынам атрады спэцсіл можна перакінуць у горныя раёны, у пустыню, пры гэтым жаўнеры будуць надзвычай манэўраныя. Акрамя таго, такія аўтамабілі можна лёгка перакінуць да вялікую адлегласьць паветраным шляхам, а ўжо на месцы падразьдзяленьне можа прыступіць да выкананьня задач, прычым скрытна й незаўважальна, у тым ліку ў глыбока ў тыле ворага.

Выстава ў горадзе Кельцэ (поўдзень Польшчы) - гэта адна з найбуйнейшых у Эўропе выставаў баявой тэхнікі і ўзбраеньня, на якой можна азнаёміцца з магчымасьцямі абаронных тэхналёгій ВПК Польшчы.

Сёлета свае прапановы прадставілі 609 фірмаў, прычым больш чым палова ўдзельнікаў – гэта замежныя кампаніі.

Валеры Саўко

Самаходная
Самаходная артылерыйская ўстаноўка "Kryl" польскай вытворчасьці/commons.wikimedia.org/Krzysztof Wilewski/ polska-zbrojna.pl/CC BY-SA 3.0 CC

Рэактыўная
Рэактыўная сыстэма залпавага агню WR-40 «Langusta»/commons.wikimedia.org/Attribution/Łukasz Golowanow & Maciek Hypś/Konflikty.pl

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт