Войска Польскае закупляе новую тэхніку і ўзбраеньне (ФОТА)
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
07.09.2017 12:12
Польская армія купляе баявыя разьведвальныя машыны, прыборы начнога бачаньня, аўтаматы, снайпэрскія вінтоўкі й супрацьтанкавыя міны.
Баявая разьведвальная машына «LPU Wirus 4»
У ходзе Міжнароднай выставы абароннай прамысловасьці, якая праходзіць у горадзе Кельцэ, было падпісана 5 пагадненьняў на пастаўку ваеннай тэхнікі для Войска Польскага.
У прыватнасьці, у распараджэньне польскай арміі паступяць баявыя разьведвальныя машыны «LPU Wirus 4», прыборы начнога бачаньня, снайпэрскія вінтоўкі й супрацьтанкавыя міны.
Паводле словаў віцэ-міністра абароны Польшчы Барташа Каўнацкага, усе кантракты былі заключаныя з польскімі кампаніямі. Кошт кантракту, напрыклад, са зброевым заводам «Лучнік» на пастаўку 53 тыс. сучасных аўтаматаў Grot MSBS 5.56 склаў 500 млн злотых - больш за 117 млн эўра.
Польская армія атрымае 118 разьведвальных машын «LPU Wirus 4». Гэта сучасныя баявыя машыны, дзякуючы якім можна выконваць задачы ў радыюсе да 150 кілямэтраў у тыле ворага. Адна такая машына ўмяшчае трох ваеннаслужачых і можа быць выкарыстаная ў любых умовах надвор'я. Ужо сёлета першыя машыны пройдуць армейскія выпрабаваньні.
Таксама польская армія атрымае больш за 880 прыбораў начнога бачаньня, частка якіх будзе аддадзеная ў распараджэньне Войскаў тэрытарыяльнай абароны.
У сваю чаргу зброевы завод з гораду Тарнаў паставіць арміі 650 снайпэрскіх вінтовак «BOR», дальнасьць стральбы якіх складае 1200 мэтраў.
Міжнародная выстава абароннай прамысловасьці ў Кельцэ закончыць працу ў пятніцу, 8 верасьня.
вс
фота: PAP/Piotr Polak
Аўтамат Grot MSBS 5.56
Міністар Нацыянальнай абароны Польшчы Антоні Мацярэвіч і жаўнер Войска Польскага ў сучаснай айчыннай баявой экіпіроўцы
Лёгкі бронеаўтамабіль DINO 519 польскай вытворчасьці
Мабільная радыёлякацыйная станцыя MARS-L
Ізраільскія ракеты SPIKE NLOS знаходзяцца на ўзбраеньні польскай арміі
Танк польскай вытворчасьці PT-91M2