Logo Polskiego Radia
Print

«Лукашэнка паказвае, што здаваць уладу Маскве ён не зьбіраецца»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 30.08.2017 20:03
  • «Лукашэнка паказвае, што здаваць уладу Маскве ён не зьбіраецца».mp3
Чаму беларускія ўлады прад’явілі надзвычай суровыя абвінавачаньні публіцыстам Regnum’у – тлумачаць экспэрты зь Менска й Кіева.
Сяргей Шыптэнка, Дзьмітры Алімкін і Юры Паўлавец. Каляж TUT.BYСяргей Шыптэнка, Дзьмітры Алімкін і Юры Паўлавец. Каляж TUT.BYTUT.BY

Сьледчы камітэт Беларусі прад’явіў афіцыйнае абвінавачаньне тром публіцыстам расейскага інфармацыйнага агенцтва Regnum. Юрыю Паўлаўцу, Дзьмітрыю Алімкіну й Сяргею Шыптэнку інкрымінуюць «распальваньне міжнацыянальнай варожасьці, зьдзейсьненае групай асобаў». Публіцысты Regnumʼу мелі расейскія нацыяналістычныя погляды, аднак крымінальная справа супраць іх узбуджаная па палітычных матывах – кажуць беларускія экспэрты. Навошта Аляксандар Лукашэнка вырашыў пакараць прыхільнікаў «русского мира»? Справу камэнтуюць старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец і аналітык Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч.

Выкладчыка БДУІР Юрыя Паўлаўца, ахоўніка дзіцячага садка Дзьмітрыя Алімкіна й галоўнага рэдактара часопісу «Новая эканоміка» Сяргея Шыптэнку арыштавалі ў студзені мінулага году. Раней для расейскага інфармагенцтва Regnum пад псэўданімамі яны публікавалі тэксты, у якіх ставілі пад сумнеў існаваньне беларускай нацыі й мэтазгоднасьць існаваньня незалежнай беларускай дзяржавы.

Пасьля 8 месяцаў зьняволеньня траім публіцыстам прадставілі афіцыйнае абвінавачаньне паводле часткі 3 артыкулу 133 Крымінальнага кодэксу Беларусі – «распальваньне міжнацыянальнай варожасьці, зьдзейсьненае групай асобаў». Алімкіну, Паўлаўцу й Шыптэнку пагражае ад 5 да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Як паведаміла афіцыйнае інфармагенцтва БЕЛТА, у гэтай крымінальнай справе ёсьць яшчэ адзін фігурант – гэта рэдактар парталу Regnum Юрый Баранчык. Публіцыста, які знаходзіцца ў Расеі, Менск аб’явіў у міжнародны вышук.

Кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец падкрэсьлівае, што не пагаджаецца з пазыцыяй аўтараў Regnum’у, але лічыць пакараньне непрапарцыянальным. Складу злачынства ў тэкстах, якія сталі падставай для абвінавачаньня, няма – кажа Андрэй Бастунец.

Андрэй Бастунец: У тэкстах, якія былі прадстаўленыя публічнасьці, няма ніякіх падставаў для прымяненьня ў дачыненьні да аўтараў Regnum’у тых сродкаў, якія праваахоўныя ворганы выкарыстоўваюць – пачынаючы ад 8-месячнага ўтрыманьня пад вартай, заканчваючы ўзбуджэньнем крымінальнай справы.

Больш за тое, абвінавачаньне аўтарам адыёзнага расейскага рэсурсу можа быць выкарыстанае й супраць любых недзяржаўных беларускіх журналістаў – лічыць Андрэй Бастунец.

Андрэй Бастунец: Такім чынам любых журналістаў можна абвінаваціць у групавой супрацьпраўнай дзейнасьці. Маўляў, усе яны працуюць з рэдактарам, таму атрымліваецца група – незалежна ад таго, ці знаёмыя яны паміж сабою, ці не.

Справа, несумненна, мае палітычны характар – кажа аналітык Украінскага інстытуту будучыні, беларускі палітоляг Ігар Тышкевіч. Аляксандар Лукашэнка хоча паказальна пакараць прыхільнікаў расейскага нацыяналізму, якія адмаўляюць беларускай дзяржаве ў праве на існаваньне. Аўтарытарны кіраўнік Беларусі хоча прадэманстраваць як Маскве, так і прыхільнікам «русского мира» ў Беларусі, што не зьбіраецца губляць кантролю над краінай.

Ігар Тышкевіч: Гэтая крымінальная справа зьбівае гістэрыю наконт таго, што Лукашэнка, маўляў усё зараз здасьць Расеі, і пра незалежнасьць Беларусі можна будзе забыцца. Менск дэманструе зубы. Ключавым аспэктам гэтай справы зьяўляецца тое, што Менск аб’яўляе ў міжнародны вышук Юрыя Баранчыка, які знаходзіцца ў Маскве й якога Масква выдаваць не зьбіраецца. Гэта даволі сур’ёзны і рэзкі крок з боку Менска.

Беларусь не зьяўляецца прававой дзяржавай, таму прысуд публіцыстам Regnum’у будзе залежаць ад разьвіцьця стасункаў паміж Масквой і Менскам. Калі гэтыя адносіны пацяплеюць, то справу могуць перакваліфікаваць, і абвінавачаныя могуць атрымаць нават умоўныя тэрміны – не выключае Ігар Тышкевіч.

Як да прысуду прыхільнікам «русского мира» трэба ставіцца тым, хто прытрымліваецца дэмакратычных каштоўнасьцяў, выступае за прававую дзяржаву і падтрымлівае сувэрэнітэт Беларусі?

Незалежна ад поглядаў, якія маюць аўтары Regnum’у, іх справа зьяўляецца палітычнай, а заключэньне пад варту нельга назваць ні прапарцыйным, ні неабходным – заяўляюць як прадстаўнікі міжнароднай арганізацыі «Рэпарцёры без межаў», так і Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Выразна іншую пазыцыю займае палітоляг Ігар Тышкевіч, які пражывае ва Ўкраіне. «Я ўсьведамляю, што прысуд ня будзе ляжаць у прававым полі, але дзеяньні аматараў «русского мира» заслугоўваюць суровага пакараньня – лічыць Ігар Тышкевіч. – Трэба ўсьведамляць, што калі «русский мир» прыдзе ў Беларусь у такой форме, у якой ён прыйшоў ва Ўкраіну – не паздаровіцца ўсім: і патрыётам Беларусі, і непатрыётам. «Русский мир» – гэта ГУЛАГ. Рэгнумаўцы змагаліся за ГУЛАГ, яны ГУЛАГ і атрымалі», – жорстка заявіў палітоляг.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт