Logo Polskiego Radia
Print

Эўразьвяз абмяжоўвае энэргаспажываньне пыласосаў

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 30.08.2017 13:24
З 1 верасьня ва ўсім ЭЗ спыняецца вытворчасьць пыласосаў з магутнасьцю рухавіка вышэйшай за 900 W.
pixabay.com/Public Domain/CC0

З 1 верасьня жыхары краінаў Эўрапейскага зьвязу ня змогуць купіць пыласос з магутнасьцю рухавіка вышэйшай за 900 W. Уступае ў жыцьцё дырэктыва ЭЗ, скіраваная на пашырэньне энэргаашчадных тэхналёгіяў і барацьбу са зьменамі клімату.

Як піша польская штодзёнка Gazeta Wyborcza, спачатку Эўрапейская камісія абмежавала энэргаспажываньне электралямпачак, а цяпер узялася за іншыя бытавыя прыборы. Роўна 3 гады таму, 1 верасьня 2014 году, была спынена вытворчасьць пыласосаў магутнасьцю вышэй за 1600 W. Сёлета энэргаспажываньне бытавой тэхнікі яшчэ больш абмежавалі. Паводле разьлікаў Эўракамісіі, зьніжэньне магутнасьці пыласосаў дазволіць зэканоміць 19 тэрават-гадзінаў у год. Такой колькасьці энэргіі дастаткова, напрыклад, для працы лёнданскага мэтро на працягу 20 гадоў.

Эўракамісія й вытворцы пыласосаў запэўніваюць, што абмежаваньне магутнасьці пыласосаў не пагоршаць якасьці ўборкі. На рынак уваходзяць мадэлі з энэргаэфэктыўнымі рухавікамі й лепшай сыстэмай фільтрацыі паветра. Новая дырэктыва Эўразьвязу ўсталёўвае ня толькі максымальнае энэргаспажываньне пыласоса, але і ўводзіць ліміты для ўзроўню шуму й паўторных выкідаў пылу.

Gazeta Wyborcza/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт