«Мадура дыктатар і павінен сысьці»
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
12.08.2017 19:34
З такім заклікам да кіраўніка Вэнэсуэлы Нікаляса Мадура зьвярнуўся прэзыдэнт Пэру.
Нікаляс Мадура на паседжаньні новастворанай Канстытуцыйнай асамблеі, 10 жніўня 2017 г.PAP/EPA/MIRAFLORES PRESS HANDOUT
Прэзыдэнт Пэру Пэдра Кучыньскі (Pedro Kuczynski) у пятніцу зьвярнуўся да кіраўніка Вэнэсуэлы Нікаляса Мадуры (Nicolas Maduro) з заклікам сысьці з пасады. Кучыньскі назваў Мадуру «дыктатарам» і адхіліў прапанову сустрэчы. Урад Пэру прыняў рашэньне выдаліць вэнэсуэльскага амбасадара.
Кучыньскі заявіў, што Мадура «страціў усялякі давер», стварыўшы, насуперак прынцыпам дэмакратыі, Канстытуцыйную асамблею. Гэтай асамблеі, складзенай з уласных прыхільнікаў, Мадура перадаў паўнамоцтвы найвышэйшага воргану ўлады.
«Мадура зьяўляецца дыктатарам, які арганізаваў дзяржаўны пераварот, сфальсыфікаваўшы выбары, каб пазбавіцца ад ранейшага парлямэнту», – заявіў прэзыдэнт Пэру.
30 ліпеня ўлады Вэнэсуэлы правялі выбары ў Канстытуцыйную асамблею – ворган, якому нададзенае права распусьціць парлямэнт і зьмяніць канстытуцыю. Апазыцыя байкатавала выбары. На працягу некалькіх месяцаў на вуліцах вэнэсуэльскіх гарадоў працягваюцца сутыкненьні маніфэстантаў з паліцыяй. У выніку пратэстаў загінулі ўжо больш за 100 чалавек.
PAP/ап