Logo Polskiego Radia
Print

80 гадоў таму пачалася «Польская апэрацыя» НКВД

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 11.08.2017 12:20
За год савецкія карныя ворганы расстралялі 111 тысячаў палякаў, якія жылі на тэрыторыі СССР.
Апэратыўны загад НКВД №  00485 ад 11 жніўня 1938 году, які пачаў хвалю рэпрэсіяў супраць палякаў у СССР. Апэратыўны загад НКВД № 00485 ад 11 жніўня 1938 году, які пачаў хвалю рэпрэсіяў супраць палякаў у СССР. Wikimedia Commons/scanned by Tomasz Sommer/Public domain

Роўна 80 гадоў таму, 11 жніўня 1937 году НКВД пачаў так званую «Польскую апэрацыю» – масавыя рэпрэсіі супраць палякаў, якія жылі на тэрыторыі СССР. У выніку яе былі расстраляныя 111 тысячаў чалавек. Яшчэ каля 30 тысячаў асобаў польскай нацыянальнасьці былі адпраўленыя ў лягеры.

«Польская апэрацыя» – гэта адна з рэпрэсіўных кампаніяў, накіраваных супраць нацыянальных меншасьцяў, якую савецкія карныя ворганы праводзілі ў 1937-1938 гадах. У пэрыяд Вялікага тэрору НКВД масава арыштоўваў палякаў, латышоў, эстонцаў, грэкаў, фінаў, баўгараў, кітайцаў і прадстаўнікоў іншых «нятытульных» нацыянальнасьцяў. Цэлыя нацыянальныя групы былі абвінавачаны ў «шпіянажы на карысьць капіталістычных краінаў». «Польская апэрацыя», была самай маштабнай па колькасьці ахвяраў.

Дырэктар Галоўнай камісіі расьсьледаваньня злачынстваў супраць польскага народу і намесьнік генэральнага пракурора Польшчы Анджэй Пазорскі (Andrzej Pozorski) нагадаў журналістам, што польскія гісторыкі й пракуроры вядуць сьледзтва з мэтай усталяваць адказных за забойствы, а таксама высьветліць імёны ўсіх ахвяраў.

Напярэдадні гадавіны хвалі камуністычнага тэрору Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы і Цэнтар польска-расейскага дыялёгу й паразуменьня стварыў сайты operacja-polska.pl і ofiaryterroru.pl. На іх можна даведацца падрабязнасьці Польскай апэрацыі НКВД 1937 – 1938 гадоў.

У Беларусі памяць ахвяраў «Польскай апэрацыі» ўшанаваў амбасадар Польшчы Кондрад Паўлік. Ён усклаў кветкі пад памятнымі крыжамі ў Курапатах і Парку Чалюскінцаў – самых вядомых месцах сталінскіх расстрэлаў на беларускай зямлі.

IAR/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт