У Варшаве немалой папулярнасьцю карыстаецца пракат электраскутараў (ВІДЭА)
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
02.08.2017 14:35
Пракат адбываецца пасьля рэгістрацыі ў інтэрнэце выключна пры дапамозе прыкладаньня да мабільных прылад.
Так выглядае электрычны скутар, які можна ўзяць напракат у Варшавефота: фірма «Jeden Ślad»
У Варшаве немалой папулярнасьцю карыстаецца пракат электрычных скутараў. Ініцыятарам і ўладальнікам скутараў зьяўляецца фірма «Jeden Ślad» (Адзін Сьлед). Цяпер у польскай сталіцы можна ўзяць напракат каля 150 транспартных сродкаў.
Калі ідэя спадабаецца жыхарам Варшавы, то кампанія пашырыць сваю дзейнасьць на іншыя польскія гарады, дзе часта зьяўляюцца вулічныя заторы: Лодзь, агламэрацыю Гдыні, Гданьска й Сопата ды Сілескую агламэрацыю.
Паводле фірмы «Jeden Ślad», у горадзе скутары хутчэйшыя за аўтамабіль на 30-40%, а за гарадзкі транспарт – на 70%. Дадаткова электраскутар – гэта экалягічны від транспарту. Ідэя ў кампаніі наконт электраскутараў зьявілася пасьля таго, калі аказалася, што ў сярэднім жыхар Варшавы праводзіць у заторах 158 гадзін у год.
Пракат электраскутара адбываецца пасьля рэгістрацыі кліента ў інтэрнэце выключна пры дапамозе прыкладаньня да мабільных прылад. Грошы здымаюцца з рахунку, крэдытнай карткі альбо электроннага кашалька. Дзьве першыя хвіліны карыстаньня бясплатныя, пазьней адна хвіліна каштуе 69 грошаў (36 беларускіх капеек).
Падзараджаюцца транспартныя сродкі ў спэцыяльна абсталяваных шматлікіх станцыях у розных раёнах польскай сталіцы.
вс