Logo Polskiego Radia
Print

Колькасьць замежных студэнтаў у Польшчы зноў б’е рэкорды

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 27.07.2017 14:01
На першым месцы знаходзяцца ўкраінцы, на другім – беларусы, а на трэцяе выйшлі грамадзяне Індыі.
pixabay.com/Public Domain CC0

Усё больш замежных студэнтаў выбіраюць польскія ўнівэрсытэты – піша газэта Rzeczpospolita. Сярод студэнтаў-іншаземцаў на першым месцы па колькасьці традыцыйна знаходзяцца ўкраінцы, на другім – беларусы, а на трэцяе ў мінулым навучальным годзе выйшлі грамадзяне Індыі.

1 кастрычніка ў Польшчы пачне працу Нацыянальнае агенцтва ўнівэрсытэцкага абмену (Narodowa Agencja Wymiany Akademickiej). Яго асноўная задача – прыцягненьне ў польскія ўнівэрсытэты замежных студэнтаў. Агенцтва павінна ствараць стыпэндыяльныя праграмы, арганізоўваць моўныя курсы і рэклямаваць польскія вучэльні за мяжой. Незалежна ад актыўнасьці новага агенцтва, колькасьць замежных студэнтаў у польскіх ВНУ павышаецца ўжо на працягу дзесятка гадоў – піша газэта Rzeczpospolita.

У 2016/2017 навучальным годзе ў Польшчы навучаліся 65 тысячаў замежных студэнтаў. 53,5% зь іх складаюць грамадзяне Ўкраіны. На другім месцы – беларусы, на трэцяе нечакана выйшлі грамадзяне Індыі. На далейшых пазыцыях знаходзяцца нарвэжцы, швэды, гішпанцы і расейцы.

У параўнаньні зь мінулым годам, замежных студэнтаў у польскіх унівэрсытэцкіх аўдыторыях стала на 11% больш. Росту папулярнасьці польскіх ВНУ паспрыяў новы закон аб іншаземцах, які ўступіў у сілу ў 2014 годзе. Згодна з новымі правіламі, студэнты атрымліваюць від на жыхарства не на год, як раней, а на тэрмін ад 1,5 да 3 гадоў.

Да 2015/2016 навучальнага году студэнты з па-за Эўразьвязу павінныя былі плаціць за навучаньне ня менш за 2 тысячы эўра. Цяпер жа гэтая сума зьніжаная. Напрыклад, кошты навучаньня ў Беластоцкім унівэрсытэце складаюць менш за 1000 эўра за год.

Rzeczpospolita/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт