У Польшчы за паўгода дзяржава выдаткавала на дзяцей амаль 500 млн эўра
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
24.07.2017 18:22
Міністар па пытаньнях сямʼі, працы й сацыяльнай палітыкі Эльжбета Рафальска падвяла вынікі праграмы «Сямʼя 500+».
Міністар па пытаньнях сямʼі, працы й сацыяльнай палітыкі Польшчы Эльжбета РафальскаPAP/Tomasz Gzell
Міністар па пытаньнях сямʼі, працы й сацыяльнай палітыкі Польшчы Эльжбета Рафальска падвяла вынікі праграмы «Сямʼя 500+» у першым паўгодзьдзі 2017 года. Паводле ведамства, шасьцімесячныя бюджэтныя выдаткі на рэалізацыю праграмы склалі больш за 2 млрд злотых (больш за 470 млн эўра). Рафальска сказала, што фінансавай дапамогай скарысталіся амаль 4 млн дзяцей у Польшчы.
З пачатку дзеяньня праграмы «Сямʼя 500+», гэта значыць з красавіка мінулага года, да канца першага паўгодзьдзя бягучага года, урад выдзеліў на яе рэалізацыю больш 29 млрд 700 млн злотых (больш за 6,8 млрд эўра).
Праграма «Сямʼя 500+» была ўведзеная польскім урадам кансэрватыўнай партыі «Права й справядлівасьць». Праграма прадугледжвае штомесячную выплату 500 злотых (каля 115 эўра) на кожнае другое й наступнае дзіця незалежна ад даходаў сям’і. У выпадку, калі сямʼя альбо юрыдычныя апекуны выхоўваюць адно дзіця з інваліднасьцю, то яны таксама могуць разьлічваць на дапамогу.
У 2017 годзе на праграму «Сямʼя 500+» заплянавана ў бюджэце 22 млрд злотых (больш за 5 млрд эўра). Частка эканамістаў крытыкуе згаданую праграму, зазначаючы, што дзяржава ня мае фінансавых сродкаў на тое, каб раздаваць грошы ўсім сем’ям, а ня толькі тым, якія маюць патрэбу ў падтрымцы. Спэцыялісты таксама зазначаюць, што праграма фінансуецца за кошт бюджэтнага дэфіцыту.
вс