LOT атрымае чарговы новы шырокафюзэляжны Boeing 787-8 Dreamliner
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
13.07.2017 16:28
LOT быў першай эўрапейскай авіякампаніяй, якая прыняла ў эксплюатацыю самалёты Boeing 787-8 Dreamliner.
Boeing 787-8 Dreamliner авіякампаніі LOT фота: lot.com/Paweł Pilzak
Польская авіякампанія LOT атрымае на заводзе вытворцы ў пятніцу новы шырокафюзэляжны самалёт Boeing 787-8 Dreamliner. У той жа дзень лайнэр вылеціць з завода ў горадзе Эвэрэт у Варшаву. Гэта будзе восьмы й апошні самалёт тыпу Boeing 787-8: пачынаючы з 2018 года авіякампанія будзе атрымліваць большыя па ўмяшчальнасьці лайнэры тыпу Boeing 787-9.
LOT быў першай эўрапейскай авіякампаніяй, якая прыняла ў эксплюатацыю самалёты Boeing 787-8 Dreamliner – гэта мела месца ў лістападзе 2012 года.
Самалёт падымецца ў паветра аэрапорту Эвэрэт а 14-й паводле мясцовага часу й прыбудзе ў Варшаву пасьля 9 гадзін і 40 хвілін палёту. Машына будзе запраўленая 46 тонамі паліва. Траса палёту будзе весьці над ЗША, Канадай, Грэнляндыяй й Ісьляндыяй. Самалётам будуць кіраваць папераменна трое пілётаў: капітан і двое першых афіцэраў.
Boeing 787-8 будзе выконваць далёкадыстанцыйныя рэйсы: пашырэньне флёту дазволіць павялічыць частату палётаў у Сэул, Токіё, гарады ЗША й Канады. Новы лайнэр забірае на борт 252 пасажыраў у трох клясах абслугоўваньня: LOT business class, LOT premium economy i LOT economy class.
Цягам бліжэйшых двух гадоў LOT атрымае чатыры самалёты Boeing 787-9 Dreamliner.
Уладальнікам больш за 99% акцый авіякампаніі LOT зьяўляецца дзяржава. У мінулым годзе польскія авіялініі перавезьлі 5 млн 500 тыс пасажыраў, у 2015-м – 4 млн 300 тыс. Сёлета LOT плянуе перавезьці сваімі самалётамі 6 млн 600 тыс. чалавек.
На дадзены момант у флёце авіякампаніі 53 шырока- і вузкафюзэляжных самалётаў розных марак, у тым ліку 10 рэгіянальных турбавінтавых Bombardier Q-400.
вс