Logo Polskiego Radia
Print

Вэтэрынары з Польшчы стварылі наватарскі імплянтант для сабак

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 24.06.2017 12:56
Камандай навукоўцаў кіраваў 29-гадовы ўраджэнец Менска доктар вэтэрынарыі Яўген Жалняровіч.
pixabay.com

Група вэтэрынараў з Польшчы распрацавала наватарскі імплянтант, які стабілізуе траўмаванае калена сабакі. Камандай навукоўцаў кіраваў 29-гадовы ўраджэнец Менска доктар вэтэрынарыі Яўген Жалняровіч.

Разрыў крыжападобных зьвязак – гэта траўма, якая зьяўляецца прычынай 80% кульгавасьці ў дамашніх гадаванцаў. Навукоўцы з факультэту вэтэрынарнай мэдыцыны Вармінска-Мазурскага ўнівэрсытэту ў горадзе Ольштыне распрацавалі тэхніку імплянтацыі, якая дазваляе сабакам вельмі хутка аднаўляць фізычную форму. Тытанавы імплянтант, які фіксуецца ў калене сабакі, дазваляе псу нармальна бегаць ужо праз два-тры дні пасьля апэрацыі.

У параўнаньні з папярэднімі тэхнікамі імплянтацыі, мэтад, распрацаваны групай доктара Жалняровіча, дазваляе значна абмежаваць пасьляапэрацыйныя ўскладненьні, а таксама патрабуе меншых хірургічных маніпуляцыяў.

Як паведамляе партал weterynarianews.pl, Яўген Жалняровіч нарадзіўся ў Менску ў сям’і лекараў. У 2010 годзе ён скончыў вэтэрынарны факультэт Вармінска-Мазурскага ўнівэрсытэту, а чатыры гады пазьней абараніў на сваёй вучэльні доктарскую дысэртацыю на тэму лячэньня хваробаў локцевых суставаў сабак. На рахунку 29-гадовага доктара каля двух дзесяткаў навуковых працаў і артыкулаў.

PAP/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт