Logo Polskiego Radia
Print

Польскі біёляг заваяваў славу коміксамі пра Белавескую пушчу

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 31.05.2017 16:01
  • Польскі біёляг заваяваў славу коміксамі пра Белавескую пушчу.mp3
Інтэрвію з доктарам Томашам Самойлікам, які знайшоў арыгінальны спосаб папулярызаваць навуковыя веды.
Томаш СамойлікТомаш СамойлікAliaksandr Papko/radyjo.net

Расказваць па тое, як устроены таямнічы сьвет пушчы, вучыць людзей не наносіць шкоды прыродзе можна ня толькі з дапамогай навуковых артыкулаў і лекцыяў. Наш сёньняшні суразмоўца – супрацоўнік Польскай акадэміі навук біёляг Томаш Самойлік – знайшоў арыгінальны спосаб папулярызаваць навуковыя веды. Доктар Самойлік заваяваў вядомасьць як аўтар дзіцячых казак і коміксаў пра зьвяроў, што жывуць у Белавескай Пушчы. Некаторыя яго коміксы былі апублікаваныя і ў Беларусі. На фэстывалі «Панарама беларускай культуры», які нядаўна прайшоў у Варшаве, з доктарам Томашам Самойлікам размаўляў Аляксандар Папко.

Спадар Томаш, як нарадзілася ідэя пісаць кнігі для дзяцей, а затым коміксы на тэму Белавескай пушчы, яе жыхароў і неабходнасьці абараняць дзікую прыроду?

Томаш Самойлік: Задачай кожнага навукоўца зьяўляецца папулярызацыя здабытых ім ведаў. Доўгі час я пісаў артыкулы, чытаў лекцыі дарослым. А пазьней на сьвет прышлі мае дзеці. І тады я зразумеў, што папулярызацыя навукі праходзіць міма вялікай часткі нашага грамадзтва – а менавіта дзяцей. Перад сном я расказваў дзеткам прыдуманыя мной гісторыі пра зубра Помпіка, які жыве ў Белавескай пушчы. Казкамі на ноч я хацеў адначасова зацікавіць дзяцей і перадаць як мага больш ведаў пра тое, як насамрэч жывуць зьвяры ў пушчы. Нейкім натуральным чынам гэтыя гісторыі перарасьлі ў чатыры кнігі казак. Калі кнігі пра Помпіка сталі папулярнымі, прыйшла пара расказаць пра мае дасьледаваньні падлеткам. Так зьявіліся коміксы. Коміксы – гэта лёгкая чытанка й для дарослых. Я, як тата, які надалей чытае кніжкі сваім дзецям, не люблю банальных тэкстаў. Я шукаю ідэяў, адрасаваных таксама даросламу чалавеку. Згодна з гэтым прынцыпам я раблю й свае коміксы.

/


Каго можна ўбачыць на старонках вашых коміксаў?

Томаш Самойлік: Героямі амаль усіх маіх коміксаў зьяўляюцца зьвяры Белавескай пушчы, хоць многія зь іх сустракаюцца і ў іншых лясах. Першы комікс, якія я намаляваў, называецца «Апошні зубр». Ён расказвае пра драматычную падзею ў гісторыі гэтага віду жывёлаў – пра поўнае выміраньне зуброў у Белавескай пушчы, якое было канстатавана ў 1919 годзе. Па-за рэальнымі гістарычнымі постацямі і месцамі, я ўвёў у комікс прыдуманы пэрсанаж – зубраня, якое здолела перажыць гібель віду. Гэта ад яго імя вядзецца аповесьць. Пасьля першага посьпеху я стварыў іншыя сэрыі коміксаў. Адной зь іх зьяўляецца трылёгія коміксаў-фэнтазі пра землярыек. Можна сказаць, што гэта «Уладар пярсьцёнкаў» у сьвеце самых малых млекакормячых пушчы. Мой апошні комікс-вэстэрн называецца «Мёртвы лес». Яго героямі зьяўляюцца трохпальцы дзяцел, а таксама іншыя птушкі, якія жывуць у кавалку пушчы, дзе стаіць шмат ссохлых дрэваў.

Ці былі вы калі-небудзь у Беларусі? Ці можа з вашымі коміксамі пра Белавескую пушчу пазнаёміцца беларуская публіка?

Комікс
Комікс "Бортнік Ігнат і скарбы пушчы" быў перакладзены на беларускую мову й выдадзены выдавецтвам "Галіяфы" напрыканцы 2015 году. Фота: halijafy.by

Томаш Самойлік: Адзін з маіх коміксаў «Бортнік Ігнат і скарб пушчы», быў перакладзены на беларускую мову й выдадзены больш за год таму. Я быў на яго прэм’еры ў Менску. На аўтарскай сустрэчы было мноства людзей. А сам комікс расказвае пра нашую супольную гісторыю больш як 200 гадовай даўніны. Галоўным героем зьяўляецца стары бортнік, чыя сям’я пакаленьнямі зьбірала мёд дзікіх пчолаў у Белавескай пушчы. Але ў 1795 годзе адбываецца трэці падзел Рэчы Паспалітай. Каралеўская пушча, у якой бортніцтва было дазволенае, ператвараецца ў пушчу царскую, дзе гадаваць дзікіх пчолаў ужо забаронена. Дадаткова ў дзеяньне ўплецены польскі паэт Францішак Карпіньскі, які жыве на ўскрайку пушчы. У коміксе выкарыстаныя ўрыўкі зь яго дзёньнікаў. Гэта набліжае комікс да рэальнасьці, але зноў-такі гэты комікс застаецца аповесьцю ў стылі фэнтэзі. Чытач убачыць там фантастычныя падзеі, а таксам ўкрапленьні навуковых ведаў пра Белавескую пушчу.

/


Падчас выступу вы казалі, што Белавеская пушча – гэта адзіны масіў з прыкметамі першабытнага лесу, які захаваўся ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе. Ані царскія, ані нямецкія акупацыйныя ўлады не змаглі зьмяніць яе дзікага характару. Ці цяпер гэты некрануты прыродны сьвет не памірае пад націскам чалавека?

Томаш Самойлік: Я зьяўляюся гісторыкам прыроды. Падчас шматгадовых дасьледаваньняў, я неаднаразова лавіў сябе на думцы што ў гісторыі пушчы было многа момантаў, калі ўсё ішло вельмі дрэнна. Задвалася, што нічога яе ўжо ня можа ўратаваць і Белавеская пушча падзеліць лёс шматлікіх іншых каралеўскіх пушчаў Вялікага Княства Літоўскага, пасьля якіх засталіся толькі назвы ў гістарычных крыніцах. Але Белавескай пушчы заўсёды ўдавалася ўцалець. Гэта надае мне аптымізму. Гэтая пушча заўсёды была занадта старой, першабытнай і дзікай, каб хто-небудзь мог яе пакрыўдзіць. Я ўпэўнены, што так будзе й цяпер.

/


Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт