Logo Polskiego Radia
Print

Беларусы хочуць рэформаў, але самі ня ведаюць якіх

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 25.05.2017 18:52
  • Беларусы хочуць рэформаў, але самі ня ведаюць якіх.mp3
Апытаньні даюць супярэчлівыя вынікі: згодна з аднымі беларусы хочуць рынкавых рэформаў, зь іншымі – «моцнай рукі» дзяржавы.
pixabay.com

Пагаршэньне эканамічнай сытуацыі ў Беларусі прыводзіць да росту антыдэмакратычных і антырынкавых настрояў. Пра гэта сьведчаць вынікі апытаньня, праведзенага на замову Эўрапейскага банку рэканструкцыі й разьвіцьця – піша інтэрнэт-часопіс «Ідэя». Ці сапраўды выхад з эканамічнага крызысу беларусы бачаць у яшчэ больш жорсткай «жалезнай руцэ» дзяржавы і яшчэ большым дзяржаўным умяшальніцтве ў эканоміку? На гэтую тэму мы размаўляем з галоўным рэдактарам часопісу «Ідэя» палітолягам Рыгорам Астапенем і дырэктарам Беларускай аналітычнай майстэрні сацыёлягам Андрэем Вардамацкім.

Сацыялягічнае дасьледаваньне Life in Transition III было праведзенае на замову Эўрапейскага банку рэканструкцыі й разьвіцьця ў пачатку 2016 году. Апытаньне ахапіла 29 краінаў, большасьць з якіх адносяцца да пераходных эканомікаў. Заходніх дасьледчыкаў перш за ўсё цікавіла, наколькі грамадзяне пераходных краінаў задаволеныя сваім жыцьцём, як яны ацэньваюць якасьць дзяржаўнага кіраваньня і ўзровень карупцыі. Вынікі былі апублікаваныя напрыканцы 2016 году. Папярэднія дасьледаваньні Life in Transition праводзіліся ў 2066 і 2010 годзе.

Вельмі цікавую інфармацыю, на думку галоўнага рэдактара часопісу «Ідэя», прадстаўляюць дадзеныя пра задаволенасьць беларусамі ўзроўнем свайго жыцьця. За апошнія 6 гадоў яна значна ўпала. Калі ў 2010 годзе 67% грамадзянаў заяўлялі, што яны задаволеныя сваім жыцьцём, то цяпер такіх людзей ужо 41%.

Рыгор Астапеня: Калі груба акругліць, то можна сказаць, што раней дзьве траціны беларусаў былі задаволеныя сваім жыцьцём, а цяпер – крыху больш за траціну. Гэта вельмі значнае падзеньне. Яно паказвае, што беларусы сапраўды вельмі моцна незадаволеныя тым, што адбываецца ў краіне.

З усіх дзяржаўных паслугаў беларусам менш за ўсё падабаецца дапамога па беспрацоўі. Яе ўзроўнем задаволеныя толькі 16% беларусаў. Упершыню за доўгія гады перад грамадзянамі зьявілася рэальная пэрспэктыва страты працы, і пытаньне дапамогі па беспрацоўі стала важным.

Шматлікія сацыялягічныя апытаньні апошніх гадоў паказваюць, што беларусы жадалі б рэформаў у сваёй краіне. Але рэформы абсалютна не азначаюць пераходу да дэмакратыі й рынку – канстатуюць аўтары «Ідэі».

Ілюстрацыя:
Ілюстрацыя: часопіс "Ідэя"




У 2010 годзе доля беларусаў, якія лічылі найлепшым для Беларусі строем дэмакратыю, раўнялася 52%. Доля прыхільнікаў рынкавай эканомікі складала 47%. У крызысным 2016 годзе прыхільнікаў рынку паменела на 12 працэнтных пунктаў, а дэмакратыі – ажно на 16. Вырасла ж колькасьць тых, хто выступае за плянавую эканоміку ды аўтарытарызм, а таксама тых, хто ня вызначыўся. У 2016 годзе аўтарытарную ўладу і плянавую эканоміку падтрымлівалі па 30% насельніцтва.

Вынікі дасьледаваньня, праведзенага на замову Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця, вельмі супадаюць зь лічбамі, агучанымі ў 2014 годзе Беларускім інстытутам стратэгічных дасьледаваньняў. Тады пра неабходнасьць рэформаў у Беларусі заяўлялі тры чвэрці насельніцтва. Аднак павышэньне свайго дабрабыту адносная большасьць апытаных (43%) бачыла не ў разьняволеньні эканомікі, а ў павышэньні дзяржаўнага ўмяшальніцтва ў эканамічныя працэсы.

Сумным высновам аналітыкаў Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў і часопісу «Ідэя», аднак, супярэчыць нядаўняе дасьледаваньне Беларускай аналітычнай майстэрні. У 2017 годзе, упершыню за доўгі час у Беларусі назіраецца рост прарынкавых настрояў – кажуць сацыёлягі БАМ. У красавіку 2017 году за скарачэньне дзяржаўнага ўмяшальніцтва ў эканоміку выступалі ўжо 57% беларусаў. Супраць рынкавых рэформаў выступаў 31% апытаных.

Ілюстрацыя:
Ілюстрацыя: партал TUT.BY

Такія супярэчлівыя дадзеныя можна растлумачыць наступным чынам: беларусы адчуваюць, што перамены краіне патрэбныя, але ў грамадзтве абсалютна няма згоды наконт таго, у якім кірунку перамены павінныя ісьці – кажа Рыгор Астапеня.

Рыгор Астапеня: Адны хочуць, каб дзяржавы ў эканоміцы стала менш. Іншыя – наадварот, хочуць, каб дзяржавы ў эканоміцы стала больш. І гэта вялікая праблема. Калі мы кажам, што большасьць хоча рэформаў, то пры бліжэйшым разглядзе аказваецца, што гэта не такая ўжо і большасьць. Людзі хочуць абсалютна розных рэчаў.

Грамадзтва – гэта вельмі складаная матэрыя, і ў крызысныя моманты нават супрацьлеглыя сьцьверджаньні могуць зьяўляцца аднолькава вернымі – зазначае дырэктар Беларускай аналітычнай майстэрні сацыёляг Андрэй Вардамацкі.

Прадстаўнікі грамадзкіх навук лічаць аксіёмай сьцьверджаньне, што зьбядненьне насельніцтва выклікае рост аўтарытарных настрояў. Аднак справядлівае яно не заўсёды – падкрэсьлівае Андрэй Вардамацкі.

Андрэй Вардамацкі: Гэтае сьцьвярджэньня зьяўляецца справядлівым для грамадзтваў зь нізкім матэрыяльным і адукацыйным узроўнем. Калі адукацыйны ўзровень высокі, то гэтая заканамернасьць, пра якую вы гаварылі, не заўсёды працуе, а хутчэй не працуе. А беларусы – гэта высокаадукаваная нацыя яшчэ з часоў Савецкага Саюзу.

Безумоўна, беларускае грамадзтва не асуджанае на аўтарытарызм – пацьвярджае Рыгор Астапеня. Нават самыя пэсымістычныя дасьледаваньні паказваюць, што ня менш за карціну беларусаў зьяўляюцца цьвёрдымі прыхільнікамі дэмакратыі ды рынкавай эканомікі. Але вобраз аўтарытарнай дзяржавы, якая, нібы моцны бацька, задбае пра кожнага і ўсё пракантралюе, вельмі моцна ўкарэнены ў сьвядомасьці беларусаў – канстатуе Рыгор Астапеня.

Зь іншага боку, дадзеныя дасьледаваньняў паказваюць, што ў беларускім грамадзтве ёсьць вялікі попыт на новыя ідэі. У значнай ступені падтрымка старых аўтарытарных перакананьняў вынікае з таго, што людзям проста не прадставілі альтэрнатывы – лічыць палітоляг.

«Ёсьць пэўная недапрацоўка з боку людзей, якія хацелі б альтэрнатыўнага разьвіцьця Беларусі. Яны ня могуць патлумачыць больш кансэрватыўнай частцы насельніцтва, якая таксама жадае пераменаў, што патрэбная не «моцная рука», а моцныя, адзіныя для ўсіх правілы гульні. Толькі стабільныя празрыстыя законы, перад якімі ўсе роўныя, дазволяць краіне разьвівацца», – падкрэсьлівае Рыгор Астапеня.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт