Logo Polskiego Radia
Print

Сьвятлана Алексіевіч абвергла дэзінфармацыю пра сваю сьмерць

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 18.05.2017 12:52
Паведамленьне было распаўсюджана на падробленым акаўнце францускага міністра ў першы дзень працы новага ўраду Францыі.
Aliaksandr Papko/radyjo.net

Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч абвергла чуткі пра сваю сьмерць, распаўсюджаныя ў чацьвер шэрагам расейскіх, францускіх і ўкраінскіх інфармацыйных рэсурсаў. Беларуская пісьменьніца знаходзіцца ў Сэуле на прэзэнтацыі сваіх кнігаў, якія нядаўна былі перакладзеныя на карэйскую мову. Па словах Алексіевіч, яна «адчувае сябе добра» й нават ня можа ўявіць, «каму прыйшло ў галаву распаўсюджваць чуткі пра яе сьмерць».

Дэзінфармацыя пра сьмерць аўтаркі «Часу сэканд-хэнд» і «Цынкавых хлопчыкаў» зьявілася раніцай на twitter-акаўнце, які нібыта належаў міністарцы культуры Францыі Франсуаз Нісэн. Празь некаторы час на акаўнце зьявілася паведамленьне, што ён быў быў створаны італьянскім журналістам-пранкерам Тамаса Дэбэнэдэці. Дэбэнэдэці заваяваў славу тым, што неаднаразова ствараў фэйкавыя twitter-акаўнты і распаўсюджваў зь іх непраўдзівую інфармацыю пра сьмерць вядомых людзей: Джоан Роўлінг, Башара Асада й тады яшчэ жывога Фідэля Кастра.

Фальшывую навіну пра сьмерць Алексіевіч, не праверыўшы, адразу распаўсюдзілі француская газэта Figaro, расейскае агенцтва РИА Новости, тэлеканал Мінабароны Расеі «Звезда» і іншыя расейскія ды ўкраінскія рэсурсы. Адразу пасьля зьяўленьня фэйка, беларускія незалежныя СМІ зьвязаліся зь пісьменьніцай і абверглі зьвесткі пра яе сьмерць.

Паведамленьне на падробленым twitter-акаўнце францускай міністаркі культуры зьявілася ў першы дзень працы новага ўраду, сфармаванага прэм'ерам Эдуарам Філіпам, якога прызначыў новаабраны прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон.

ап/svaboda.org/euroradio.fm/rbc.ru

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт