Польская шпіёнская гісторыя зь беларускім матывам
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
15.04.2017 13:41
Маёр Службы вайсковай контрразьведкі Магдалена Э. выйграла ў судзе справу, датычную паніжэньня яе ў званьні.
Маёр Магдалена Э.tvn/screen
Польскую шпіёнскую гісторыю зь беларускім матывам апісвае тыднёвік «Wprost». Маёр Службы вайсковай контрразьведкі (СВК) Магдалена Э. выйграла ў судзе справу, датычную паніжэньня яе ў званьні.
Падзеі адбываюцца ў другой палове 2015 году. Пра іх журналістам вядома няшмат, паколькі дэталі справы знаходзяцца пад грыфам «сакрэтна». Сутнасьць яе заключаецца ў наступным: польскія спэцслужбы атрымалі задачу вызваліць польскага афіцэра, які быў затрыманы ў Беларусі. Было дамоўлена, што паляка абмяняюць на былога беларускага дыплямата Сяргея Х., які быў затрыманы ў Польшчы й прыгавораны да пазбаўленьня свабоды за шпіянаж. У апэрацыі па абмене ўдзельнічала маёр Магдалена Э., а пра справу дасканала ведалі прэзыдэнт Анджэй Дуда й міністар-каардынатар дзейнасьці спэцслужбаў Марыюш Каміньскі.
Апэрацыя абмену завяршылася пасьпяхова. Аднак у лютым 2016 году кіраўніцтва СВК абвінаваціла жанчыну-афіцэра ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў і панізіла яе да званьня капітана. Магдалена Э. не згадзілася з рашэньнем кіраўніцтва й падала ў суд. Суд пастанавіў, што маёр Магдалена Э. дзейнічала ў сытуацыі пастаяннага напружаньня, аднак паўнамоцтваў не перавысіла.
Адвакат Магдалены Э. на судзе зазначаў, што жанчына была адным з найлепшых афіцэраў Службы вайсковай контрразьведкі, прымала ўдзел у шматлікіх апэрацыях польскіх спэцслужбаў, у тым ліку ў «гарачых кропках», у прыватнасьці, у Афганістане.
Акрамя таго, што суд прызнаў рашэньне кіраўніцтва СВК несапраўдным, то яшчэ прызначыў грашовую кампэнсацыю маёру. Яе памер не паведамляецца. У сваю чаргу, маёр Магдалена Э. пайшла ў запас і пакуль што ня мае намеру вяртацца на службу ў вайсковую контрразьведку, інфармуе тыднёвік «Wprost».
вс