Logo Polskiego Radia
Print

ЭЗ заклікаў Беларусь увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 29.03.2017 08:17
17 сакавіка ў Беларусі быў вынесены чарговы сьмяротны прысуду.
pixabay.com/Public Domain/CC0

„Мы заклікаем Беларусь далучыцца да глябальнага мараторыя на прымяненьне сьмяротнай кары ў якасьці першага кроку да яе адмены”, — гаворыцца ў заяве прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі, апублікаванай 28 сакавіка. Заява зроблена са згоды кіраўнікоў дыпляматычных місій краін ЭЗ у Беларусі ў сувязі з вынясеньнем 17 сакавіка чарговага сьмяротнага прысуду.

У дакумэнце адзначаецца, што сьмяротны прысуд, вынесены Аляксею Міхаленю, „супярэчыць абавязацельству, узятаму на сябе ўладамі, разгледзець пытаньне аб увядзеньні мараторыя на прымяненьне сьмяротнай кары”. „Аляксей Міхаленя быў асуджаны за цяжкае злачынства, і мы выказваем самыя глыбокія спачуваньні родным і блізкім ахвяраў, — гаворыцца ў заяве. — Эўрапейскі Зьвяз выступае супраць сьмяротнага пакараньня ва ўсіх выпадках без выключэньняў. Сьмяротнае пакараньне ўяўляе сабой непрымальнае адмаўленьне чалавечай годнасьці й не зьяўляецца фактарам, які стрымлівае злачыннасьць”.

У дакумэнце таксама падкрэсьліваецца: „Адчувальныя крокі з боку Беларусі да забесьпячэньня ўнівэрсальных асноўных свабод, вяршэнства права й правоў чалавека, у тым ліку ў дачыненьні да праблемы сьмяротнага пакараньня, па-ранейшаму будуць ключавым пытаньнем пры фарміраваньні будучай палітыкі ЭЗ у дачыненьні да Беларусі”.

Як раней паведамлялася, Гомельскі абласны суд на выязным паседжаньні ў Нароўлі 17 сакавіка вынес сьмяротны прысуд 32-гадоваму мясцоваму жыхару, абвінавачанаму ў забойстве двух чалавек з асаблівай жорсткасьцю. Мужчына прызнаны вінаватым па артыкуле 139 Крымінальнага кодэкса й прыгавораны да выключнай меры пакараньня — расстрэлу. Суд таксама пастанавіў спагнаць з абвінавачванага на карысьць пацярпелай матэрыяльнае пакрыцьцё маральнай шкоды ў памеры 50 тыс. рублёў.

Паводле інфармацыі суду, першае забойства жыхар Нароўлі ўчыніў, калі яму яшчэ не было 18 гадоў. Ён быў асуджаны, адседзеў і выйшаў на волю. 5 сакавіка 2016 года новымі ахвярамі забойцы сталі яго суседзі — 59-гадовая жанчына й 61-гадовы мужчына, брат і сястра. Прычынай канфлікту была сварка. Абвінавачваны часткова прызнаў віну.

belapan.com/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт