Logo Polskiego Radia
Print

Польскія правыя й папулісты наладзілі супрацоўніцтва зь Менскам

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 18.03.2017 00:43
У Варшаве прайшла канфэрэнцыя з удзелам праўладнага публіцыста Дзермана. Наступная канфэрэнцыя пройдзе ўжо ў беларускім парлямэнце.
Aliaksandr Papko/radyjo.net

Польскія дзеячы правакансэрватыўнага й нацыяналістычнага толку правялі ў Варшаве канфэрэнцыю з удзелам праўладных беларускіх публіцыстаў і палітыкаў. Адным з арганізатараў канфэрэнцыі стаў дэпутат польскага парлямэнту Карнэль Маравецкі. Удзельнікі заклікалі ўлады Польшчы наладзіць эканамічнае й палітычнае супрацоўніцтва зь Менскам, «каб пазьбегнуць вайны ў Эўропе». Наступная канфэрэнцыя з удзелам дэпутатаў польскага Сэйму адбудзецца ўжо ў сьценах Палаты прадстаўнікоў Беларусі - заяўляюць арганізатары. На канфэрэнцыі «Польшча-Беларусь. Супольная спадчына – супольная адказнасьць» пабываў Аляксандар Папко.

Галоўным арганізатарам канфэрэнцыі ў Варшаве выступіла «Адзінства народу» – створаная ў лютым 2016 году маргінальная правая партыя. Стаць суарганізатарам сустрэчы гэтая партыя запрапанавала Карнэлю Маравецкаму – легендзе польскай антыкамуністычнай апазыцыі 80-х гадоў, дэпутату Сэйму і бацьку цяперашняга міністра эканомікі і віцэ-прэм'ера Польшчы Матэвуша Маравецкага. Маравецкі-старэйшы зьяўляецца старшынём партыі «Вольныя й салідарныя», якую ён стварыў пасьля таго, як пакінуў парлямэнцкую фракцыю правага папуліста Паўла Кукіза.

Першапачаткова канфэрэнцыя з удзелам праўладных беларускіх публіцыстаў Аляксея Дзермана, Аляксандра Шпакоўскага й Пятра Пятроўскага плянавалася ў польскім парлямэнце. Аднак запрашэньне гэтых аўтараў выклікала скандал у беларускіх і польскіх СМІ. Сэйм адмовіўся даць памяшканьне, таму арганізатары зьмянілі месца правядзеньня сустрэчы. У выніку зь Беларусі ў Варшаву прыехалі Аляксей Дзерман, сябра Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларус Сяргей Невяровіч і сябра прарасейскай віртуальнай суполкі imhoclub Ягор Дробыш.

Польска-беларускае збліжэньне неабходнае для аб’яднаньня Эўропы, прымірэньня Расеі й Захаду й прадухіленьня вялікай вайны – заявіў дэпутат Сэйму Карнэль Маравецкі.

Карнэль
Карнэль Маравецкі

Карнэль Маравецкі: Я хацеў бы зьвярнуцца да беларускіх уладаў, каб яны заўважылі Польшчу, успрымалі нас як свайго саюзьніка, і каб мы разам ішлі да згоды, міру і салідарнасьці – ня толькі паміж сабой, але й зь вялікім расейскім народам.

Галоўны арганізатар канфэрэнцыі, сябра партыі «Адзінства народу» Рамуальд Стараселец у сваім выступе пайшоў далей. Ён заявіў, што аб’яднаньне Беларусі й Польшчы можа стаць супрацьвагай бездухоўнай Заходняй Эўропе. Запал спадара Старасельца крыху суняў праўладны беларускі публіцыст Аляксей Дзерман. Ён нагадаў, што Беларусь зьяўляецца саюзьнікам Расеі і ўваходзіць у Эўразійскі эканамічны зьвяз. Міжмор’е Дзерман назваў утапічным праектам, затое паўтарыў, што Беларусь – гэта буфэр, які прадухіляе вайну паміж Эўропай і Расеяй. Тэзіс пра тое, што дэстабілізацыя лукашэнкаўскай Беларусі выкліча вайну паміж Захадам і Расеяй, паўтарыў і іншы выступоўца – гісторык Анджэй Запалоўскі.

Генрык
Генрык Сёдмак

Другая частка канфэрэнцыі была прысьвечана пэрспэктывам эканамічнага супрацоўніцтва. «Зямлёй абяцанай» для інвэстараў назваў Беларусь дырэктар групы «Атлас» Генрык Сёдмак. Ён даказваў, што ўмовы для прадпрымальніцтва ў Беларусі лепшыя, чым у Польшчы. «Каб перажыць цяперашнія цяжкасьці, Беларусь патрабуе 2-3 мільярдаў крэдыту. Мы можам выручыць Беларусь, нам гэта па сродках!» – заклікаў прадпрымальнік.

Сапраўднай пагрозай для Беларусі зьяўляецца рынкавая эканоміка і дэмакратыя – заявіў дзеяч антыкамуністычнай апазыцыі 1980-х Юзэф Бялэк. «Папярэджваю братоў-беларусаў: не ідзіце шляхам так званай дэмакратыі! Вас ня будзе так, як няма нас!» – гразіў вэтэран «Салідарнасьці».

Юзэф
Юзэф Бялэк

У залі прысутнічала даволі стракатая публіка – ад панславістаў і прыхільнікаў прарасейскай партыі Zmiana да правых кансэрватараў і сябраў парамілітарных арганізацыяў. Аб’ядноўвалі іх усіх нацыяналістычныя погляды і нэгатыўнае стаўленьне да Захаду ды рынкавай эканомікі. Калі выступоўцы яшчэ стараліся стрымліваць сябе ў выказваньнях, то слухачы далі волю свайму красамоўству.

Адзін з прадстаўнікоў малавядомага правакансэрватыўнага аб’яднаньня «Клюб польскай інтэлігенцыі» наўпрост заявіў, што Польшча павінна «адвярнуцца ад Захаду й зьвярнуцца да Ўсходу», а палякі павінныя «стаць на калені й выбачыцца перад Лукашэнкам».

Традыцыйнай для польскіх правых антыкрамлёўскай рыторыкі не гучала. Затое як большасьць выступоўцаў, так і публіка пастаянна заяўлялі, што пагроза для Польшчы сыходзіць ад Украіны і ўкраінцаў. Сябра парамілітарнай арганізацыі «Польскія стралецкія дружыны» нават заявіў, што «баяўся б правесьці ноч у суседнім пакоі з украінцам». Публіка крытыкавала ўрад Польшчы за супрацоўніцтва з «бандэраўцамі». Гучалі заклікі «зачыніць МЗС» і «вычысьціць здраднікаў» з польскага ўраду.

Адказваючы на пытаньні СМІ, дэпутат Карнэль Маравецкі запэўніў, што не падзяляе антызаходніх, антыўкраінскіх і антыдэмакратычных лёзунгаў, якія гучалі ў залі. Таксама вэтэран «Салідарнасьці» заявіў, што не падтрымлівае дзеяньняў беларускіх уладаў, якія стараюццаа падавіць грамадзкія пратэсты, што ідуць цяпер у Беларусі. Аднак польскі дэпутат падкрэсьліў, што супрацоўнічаць зь Менскам неабходна, каб прадухіліць магчымую вайну.

Карнэль Маравецкі: Мы хочам, каб у Беларусі было лепш, і правы чалавека вельмі важныя. Аднак, быць можа, яшчэ больш важным зьяўляецца пытаньне стабілізацыі. Мы ня хочам, каб Беларусь ператварылася ў абшар вайны, як гэта адбылося ва Ўкраіне. Лёгка дэстабілізаваць краіну, цяжка вярнуць у яе парадак.

Вядомы гісторык прафэсар Мікалай Іваноў быў адзіным з выступоўцаў, хто нагадаў пра тое, што ў Беларусі ў апошнія дні былі пакараныя арыштамі больш за 40 людзей, і заклікаў праявіць салідарнасьць зь імі. Як заявіў навуковец, ён ня ведаў, якія палітычныя сілы арганізуюць канфэрэнцыю, таму антызаходняя, антыўкраінская, антыдэмакратычная рыторыка публікі стала для яго абсалютным сюрпрызам.

Мікалай
Мікалай Іваноў

Мікалай Іваноў: Я вельмі зьвязаны з Карнэлем Маравецкім. Можна сказаць, што гэта мой духоўны бацька. Удзельнікі канфэрэнцыі былі запрошаныя яго сябрамі, таму ён папрасіў мяне прыняць у ёй удзел. Як вы пабачылі, аўдыторыя на гэтай канфэрэнцыі вельмі спэцыфічная. Можна сказаць, што тут прадстаўлена ў асноўным прапуцінскае лобі. Гэта людзі, якія падтрымліваюць цяперашнюю Расею, якія настаўлены антыўкраінска. Што зрабіць, такія людзі таксама ёсьць у Польшчы. Тое, што я прыйшоў на гэтую канфэрэнцыю – гэта прыклад дэмакратыі. Я абсалютна не згаджаюся з большасьцю поглядаў, якія тут выказваліся. Але адна справа падзяляць погляды, другая – слухаць гэтыя погляды.

Часты госьць беларускага дзяржаўнага тэлебачаньня рэдактар сайту Imhoclub.by Аляксей Дзерман на канфэрэнцыі быў вымушаны абвяргаць абвінавачаньні ў працы на расейскія ўлады. Ён заявіў, што нічога ня ведае пра дзейнасьць аўтара свайго парталу Аляксандра Ўсоўскага. Паводле зьвестак СМІ, гэты чалавек за грошы расейскіх палітыкаў ладзіў антыўкраінскія акцыі ў Польшчы й нават прапанаваў арганізаваць маштабны тэракт, каб пасварыць Варшаву й Кіеў.

Аляксей
Аляксей Дзерман

Аляксей Дзерман: Сярод аўтараў майго парталу – розныя людзі. Ёсьць сярод іх Усоўскі, ёсьць іншыя. Яны пішуць у мяне што хочуць - калі гэта не супрацьзаконна. Тое, што яны робяць па-за гэтым, я ня ведаю. Але я ведаю, што за «наездам» на Imhoclub.by стаяць людзі, зьвязаныя з украінскімі спэцслужбамі. Яны прыяжджалі да мяне ў Менск і спрабавалі ціснуць, каб я не друкаваў непажаданых аўтараў з Украіны й непрызнаных рэспублік.

На канфэрэнцыю быў запрошаны амбасадар Беларусі, аднак ён прыйсьці ня змог. Замест яго на сустрэчы прысутнічала першы сакратар амбасады Беларусі ў Польшчы Ілона Юрэвіч, якая адказвае за культурнае супрацоўніцтва. Яна выказала надзею, што кантакты паміж беларускімі й польскімі палітыкамі працягнуцца.

Такія канфэрэнцыі будуць праводзіцца кожны квартал – аб’явіў арганізатар сустрэчы сябра партыі «Адзінства народу» Рамуальд Стараселец. Наступная канфэрэнцыя пройдзе на высокім узроўні – у Палаце прадстаўнікоў Беларусі, і на яе запросяць дэпутатаў польскага парлямэнту.

Рамуальд
Рамуальд Стараселец

Рамуальд Стараселец: Перш за ўсё мы плянуем запрасіць Карнэля Маравецага, які быў патронам сёньняшняй сустрэчы. Думаю, мы зацікавім прадстаўнікоў іншых парлямэнцкіх фракцыяў. У чэрвені такая канфэрэнцыя пройдзе ў Менску, у верасьні – зноў у Польшчы. Мы хочам, каб супрацоўніцтва набыла пастаянны характар. Паміж канфэрэнцыямі мы будзем старацца рэалізаваць іншыя карысныя ініцыятывы.

Як бачна, беларускія ўлады пасьпяхова наладзілі кантакты з польскімі правымі й папулістычнымі дзеячамі. Праз іх Менск намераны прасоўваць свае інтарэсы ў Варшаве. Беларускія ўлады зацікаўленыя перш за ўсё ў тым, каб атрымаць польскія інвэстыцыі. Як польскія правыя папулісты, так і беларускія ўлады пераконваюць, што такое супрацоўніцтва стабілізуе Беларусь, а ў сёньняшнія неспакойныя часы «стабільнасьць важнейшая за правы чалавека».

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт