EPP Group патрабуе вызваліць арыштаваных у Беларусі лідараў
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
12.03.2017 10:22
Пра гэта старшыня Эўрапейскай народнай партыі Жазэф Доль паведаміў у сваім акаўнце ў „Твітэры”.
Photo:European People's Party - EPP Congress Warsaw/de.wikipedia.org/CC BY 2.0
Прэзыдэнт Эўрапейскай народнай партыі (The Group of the European People's Party, EPP Group) Жазэф Доль занепакоены жорсткімі арыштамі ў Беларусі лідараў правацэнтрысцкай кааліцыі Віталя Рымашэўскага, Анатоля Лябедзькі, Юрася Губарэвіча, а таксама Вольгі Кавальковай ды іншых актывістаў. Паведамленьне пра гэта Доль разьмясьціў 11 сакавіка ў сваім акаўнце ў „Твітэры”.
„Беларусь павінна выконваць міжнародныя законы, паважаць асноўныя правы чалавека: свабоду слова й сходаў, а таксама тэрмінова вызваліць правацэнтрысцкіх лідараў”, — напісаў палітык.
Лідары правацэнтрысцкай кааліцыі — старшыня АГП Анатоль Лябедзька, кіраўнік руху „За Свабоду” Юрась Губарэвіч і сустаршыня аргкамітэта БХД Віталь Рымашэўскі — асуджаныя на 15 сутак арышту кожны за ўдзел у акцыі пратэсту супраць дэкрэта аб „дармаедзтве”, якая прайшла 10 сакавіка ў Маладзечне. Такое рашэнне вынес 11 сакавіка суд Маладзечанскага раёна (Менская вобласьць).
Усяго ў пятніцу пасьля маршу ў Маладзечне былі затрыманыя больш за 10 чалавек, якія прыгавораныя да штрафаў і адміністрацыйных арыштаў.
Эўрапейская народная партыя — правацэнтрысцкая агульнаэўрапейская палітычная партыя, заснаваная ў 1976 годзе. Уключае хрысьціянска-дэмакратычныя й кансэрватыўныя партыі краін Эўропы. Зьяўляецца адной з найбуйнейшых партый Эўропы, прадстаўленая ва ўсіх палітычных інстытутах Эўразьвязу й Радзе Эўропы.
Жазэф Доль наведаў Беларусь напярэдадні парлямэнцкіх выбараў 2016 году й правёў сустрэчы з прадстаўнікамі ўладаў і апазыцыі.
belapan.com/аз