3 1 лютага ў Беларусі дзейнічае новы тэхнічны стандарт аб маркіроўцы прадукцыі, які фактычна выкрэсьлівае беларускую мову з этыкетак беларускіх твараў. Згодна з новымі нормамі, вытворца павінен разьмяшчаць інфармацыю аб тавары альбо на расейскай і беларускай мовах, альбо выключна па-расейску. Вытворцы беларускамоўных брэндаў ужо сутыкнуліся з праблемамі. Тэхнічны рэглямэнт супярэчыць як закону «Аб абароне спажыўцоў», так і беларускай Канстытуцыі – заяўляюць экспэрты. Чаму была прынятая дыскрымінацыйная норма, і ці будзе яна адмененая? Сытуацыю высьвятляў Аляксандар Папко.
Новая рэдакцыя тэхнічнага стандарту Беларусі СТБ 1100 забараняе вытворцам разьмяшчаць на ўпакоўцы тавараў інфармацыю толькі на беларускай мове. Затое пісаць на этыкетках выключна па-расейску не забараняецца. Гэтая норма супярэчыць канстытуцыйнаму палажэньню аб роўнасьці беларускай і расейскай моваў – падкрэсьлівае каардынатар грамадзянскай кампаніі «Справаводзтва па-беларуску» Ігар Случак.
Ігар Случак: Гэты стандарт датычыць бясьпекі ўпакоўкі. У ім прапісаны неабходны набор інфармацыі, якая павінна на ўпакоўцы знаходзіцца. Ён датычыць усёй прадукцыі – як харчовай, так і прамысловай. Зь яго вынікае, што беларуская мова цяпер неабавязковая. У парушэньне Канстытуцыі, першынство даецца расейскай мове. Яна можа выкарыстоўвацца на ўпакоўцы адна. А вось калі вытворца хоча інфармаваць спажыўцоў па-беларуску, то ён гэта рабіць ня можа, ён абавязкова павінен нанесьці р расейскамоўную інфармацыю.
Такія нормы стандарту СТБ 1100 вынікаюць з заканадаўства Эўразійскага эканамічнага зьвязу. Тэхнічны рэглямэнт гэтай арганізацыі абавязвае разьмяшаць на ўпакоўках расейскую мову. Таму на прадукцыі Казахстана, Кыргызстана ці Армэніі знаходзіцца інфармацыя на дзьвюх мовах – на дзяржаўнай і на расейскай. Беларускія ж распрацоўшчыкі тэхнічных нормаў пакінулі абавязковай толькі расейскую. Беларусь аказалася адзінай краінай Эўразійскага зьвязу, на таварах якой можа ня быць надпісаў на нацыянальнай мове.
Больш за тое – беларускі тэхнічны стандарт і тэхрэглямэнт Эўразійскага зьвязу супярэчыць беларускаму закону «Аб абароне правоў спажыўцоў». Закон дае вытворцу тры магчымасьці інфармаваць спажыўца. Ён можа пісаць на этыкетках толькі па-беларуску, толькі па-расейску альбо на дзьвюх дзяржаўных мовах. А вось нядаўна прыняты стандарт па маркіроўцы прадукцыі, а таксама тэхрэглямэнт Эўразійскага зьвязу, пісаць выключна па-беларуску забараняюць.
Напрыканцы мінулага году Палата прадстаўнікоў Беларусі плянавала ўнесьці зьмены ў закон «Аб абароне правоў спажыўцоў», каб прывесьці яго ў адпаведнасьць з нормамі Эўразійскага зьвязу. Хутчэй за ўсё, новая рэдакцыя закону павінная была зацьвердзіць дыскрымінацыю беларускай мовы – мяркуе Ігар Случак. Аднак тысячы беларусаў выказаліся супраць таго, каб беларуская мова зьнікла з упаковак беларукіх тавараў.
Вырашыць праблему можна толькі прыняцьцем новай рэдакцыі закону «Аб абароне правоў спажыўцоў», дзе будзе адназначна прапісана, што этыкеткі ў Беларусі павінныя выпускацца на дзьвюх мовах. Такім чынам, як расейскамоўныя, так і беларускамоўныя спажыўцы будуць абароненыя ад дыскрымінацыі, а нормы Эўразійскага эканамічнага зьвязу будуць вытрыманыя – кажа Ігар Случак.
Ігар Случак: СТБ 1100-2016 быў распрацаваны пад новы закон «Аб абароне правоў спажыўцоў». Я не выключаю, што ў новы закон хацелі ўнесьці тую ж самую дыскрымінацыйную норму, што і ў тэхнічны стандарт. Але гэта цалкам недапушчальна, бо такая норма падрывае роўнасьць дзяржаўных моваў. Трэба каб у законе было прапісана, што прадукцыя павінна маркіравацца «па-беларуску і па-расейску». Тады будуць вытрыманыя і тэхрэглямэнты ЭАЭС, і беларуская Канстытуцыя.
А пакуль што вытворцы «беларускамоўных» марак сутыкаюцца з дыскрымінацыяй. Прадпрымальнік Павал, які выпускае негазаваную мінэральную ваду «Белыя крылы» са зьдзіўленьнем даведаўся, што маркіраваць прадукцыю толькі на беларускай мове – забаронена.
Фота: "Наша Ніва"
Павал: Этыкеткі толькі на беларускай мове з 1 лютага забароненыя. І раней зь беларускамоўнымі этыкеткамі былі праблемы, бо правяраючыя ворганы спасылаліся толькі на тэхнічны рэглямэнт Мытнага зьвязу. Стары тэхнічны стандарт дазваляў выкарыстоўваць беларускую мову, а цяпер усе СТБ дастасавалі да патрабаваньняў Мытнага зьвязу...
Пачынаючы з 1 лютага Дзяржстандарт проста не зацьвердзіць этыкетку, калі яна будзе выключна на беларускай мове – кажа прадпрымальнік. З этыкеткамі поўнасьцю на расейскай мове праблемаў не ўзьнікае.
Краму, якая набудзе прадукцыю з этыкеткамі толькі па-беларуску, могуць аштрафаваць. Каб ня мець клопатаў, некаторыя гандлёвыя сеткі адмаўляюцца набываць беларускамоўныя тавары. Пра гэта расказвае Натальля – прадстаўніца фірмы, якая ўжо 5 гадоў выпускае пітную ваду пад брэндам «Нарач».
Фота: vadanarach.by
Натальля: Ёсьць шэраг гандлёвых сетак, якія адмаўляліся браць нашую прадукцыю. Гэта гандлёвая сетка Віцебска «Веста», гэта менская гандлёвая сетка «Белмаркет». Мы зьвярнуліся ў Міністэрства гандлю. Яно адказала, што такая адмова прымаць тавары неабгрунтаваная, бо яна супярэчыць закону «Аб абароне правоў спажыўцоў». Згодна з законам, гандлёвая сетка ня мае права адмовіцца прыняць для рэалізацыі тавар з-за таго, што этыкетка ў яго толькі на беларускай мове. Такім чынам, Міністэрства гандлю падпарадкоўваецца закону «Аб абароне правоў спажыўцоў».
Дыскрымінацыяй беларускай мовы на ўпакоўках тавараў абураныя ня толькі прадстаўнікі грамадзкасьці, але й некаторыя дэпутаты парлямэнту ды самі вытворцы – кажа дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.
Цяпер ідзе дыскусія па ўнясеньні зьменаў у тэхнічны стандарт. Магчыма, яна прывядзе да таго, што новая рэдакцыя закону «Аб абароне правоў спажыўцоў» ня будзе дыскрымінаваць беларускую мову – спадзяецца Алена Анісім.
Алена Анісім: Магчыма, дыскусія вакол прынятага нядаўна тэхнічнага стандарту нейкім чынам паўплывае на прыняцьце рашэньня адносна закону «Аб абароне правоў спажыўцоў». Спадзяюся, кіраўніцтва краіны паглядзіць на гэтае пытаньне больш сур’ёзна і больш адказна.
Пакуль што вытворцы беларускіх брэндаў не губляюць надзеі, што дыскрымінацыйны тэхнічны стандарт будзе адменены. Таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Завод Бульбаш», якое вырабляе пітную ваду «Нарач», паінфармавала, што на чацьвер у Дзяржаўным камітэце па стандартызацыі заплянаваная вялікая нарада. «Дзяржстандарт нават згодны ўнесьці зьмены ў СТБ 1100», – паведамілі нам прадстаўнікі прадпрыемства.
Аляксандар Папко