Logo Polskiego Radia
Print

«Гэта праява інфармацыйнай вайны, а не навуковае дасьледаваньне»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 16.02.2017 19:19
  • Гэта праява інфармацыйнай вайны, а не навуковае дасьледаваньне.mp3
Экспэрты тлумачаць, чаму вынікам сэнсацыйнага апытаньня ВЦИОМ пра ўвядзеньне візаў для Беларусі нельга давяраць.
thekievtimes.ua

78% расейцаў выказваюцца за ўвядзеньня візаў зь Беларусьсю, а 69% жадаюць прадаваць Беларусі газ па сусьветных цэнах – такія сэнсацыйныя дадзеныя апублікавала расейскае дзяржаўнае сацыялягічнае агенцтва ВЦИОМ. Гэтым лічбам цяжка давяраць – кажуць незалежныя беларускія сацыёлягі. Расейскі дасьледчы цэнтар задаваў пытаньні, якія самі па сабе схілялі рэспандэнтаў да нэгатыўнага адказу. Чым зьяўляецца інфармацыя, распаўсюджанае расейскім дзяржаўным сацыялягічным цэнтрам: адлюстраваньнем настрояў расейцаў ці інструмэнтам інфармацыйнай вайны? У сытуацыі разьбіраўся Аляксандар Папко.

Стаўленьне грамадзянаў да галоўных праблемаў расейска-беларускіх адносінаў Усерасейскі цэнтар дасьледаваньняў грамадзкай думкі (ВЦИОМ) высьвятляў падчас апытаньня, якое праводзілася 8 і 9 лютага. Як зазначана ў прэс-рэлізе дзяржаўнага дасьледчага цэнтра, па тэлефоне былі апытаныя 1200 чалавек. «Нягледзячы на сяброўства й партнэрства з Беларусьсю, па пытаньнях прадстаўленьня скідак пры продажы энэргарэсурсаў і захаваньня бязьвізавага рэжыму расейцы выказваюцца даволі катэгарычна», – паведаміў ВЦИОМ.

Згодна з апытаньнем, 69% расейцаў выступаюць супраць таго, каб прадаваць паліва па коштах ніжэйшых за рынкавыя Беларусі, якая «не заўсёды расплачваецца за расейскі газ своечасова». Пры гэтым, маўляў, ажно 78% расейцаў жадаюць адмены бязьвізавага рэжыму з Беларусьсю.

Сацыёлягі здаўна ведаюць, што адказы нават на вельмі блізкія па сэнсе пытаньні могуць радыкальна адрозьнівацца з-за невялікай розьніцы ў іх фармулёўцы. Сэнсацыйнае дасьледаваньне ВЦИОМ, з пункту гледжаньня мэтадалёгіі, далёкае ад бездакорнасьці. Адказ быў прадвызначаны самім пытаньнем – камэнтуе доктар сацыялягічных навук, дырэктар Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэй Вардамацкі.

Андрэй Вардамацкі: Фармулёўка пытаньня мае хутчэй публіцыстычны, а не навуковы характар. Задаецца нэгатыўны эмацыйны тон адносна паводзінаў беларускага боку. Эмацыйна нэгатыўная падача пытаньня абумоўлівае нэгатыўныя адказы.

Як было сфармуляванае пытаньне? Прыводзім яго поўнасьцю: «Ужо больш за 20 гадоў мяжа паміж Расіяй і Беларусьсю існуе толькі фармальна. Паміж краінамі дзейнічае бязьвізавы рэжым, пры перасячэньні мяжы ня трэба нават паказваць пашпарт. Аднак месяц таму Беларусь адмяніла візы для грамадзянаў 80 краінаў, і цяпер гэтыя грамадзяне могуць уехаць у Расею празь Беларусь, не атрымліваючы расейскай візы. Зь якім з наступных пунктаў гледжаньня Вы ў большай ступені згодныя?»

Удзельнікам апытаньня ВЦИОМ даў варыянты адказу, якія таксама былі далёкія ад эмацыйнай нэйтральнасьці: «Нам трэба захаваць бязьвізавы рэжым з Беларусьсю, хай нават узрастае рызыка (падкрэсьлена – А.П.), што празь Беларусь у Расею прыедуць грамадзяне гэтых 80 краін, што не атрымалі належнай расійскай візы» і «Трэба адмяніць бязьвізавы рэжым з Беларусьсю. Расея не павінна пускаць на сваю тэрыторыю невядомых людзей, якія не атрымалі належнай расейскай візы».

Супрацоўнікі расейскага дзяржаўнага дасьледчага цэнтру не тлумачылі ўдзельнікам апытаньня, што бязьвізавы ўезд у Беларусь дазволены толькі праз аэрапорт Менск, дзе праводзіцца дакладны пашпартны кантроль. Яны не тлумачылі, што Беларусь і Расея маюць агульную базу дадзеных непажаданых асобаў і што бязьвізавы ўезд уводзіцца толькі на 5 дзён.

Лёгка ўявіць, які адказ дасьць чалавек з Уладзівастока, Пермі ці Хабараўска, якому патэлефануюць невядомыя сацыёлягі й скажуць, што праз адкрытую беларускую мяжу ў Расею бескантрольна хлынуць замежнікі з ажно 80 краінаў сьвету.

Прадстаўнікі ВЦИОМ растлумачылі фармулёўку свайго пытаньня неабходнасьцю адрэагаваць на гарачую навіну. Сацыёлягі сыходзілі з узроўню ведаў расейскага грамадзтва пра ўвядзеньне Беларусьсю бязьвізавага рэжыму і «тэставалі мадэльную сытуацыю» – тлумачыць кіраўнік дэпартамэнту дасьледаваньняў ВЦИОМ Сьцяпан Львоў.

Сьцяпан Львоў: У дадзеным выпадку мы павінныя былі выканаць пэўную ролю, якая на нас ускладзена. Мы тэстуем пэўныя мадэльныя сытуацыі. Мы не маглі ўключыць у апытаньне ўсіх дэталяў, бо нашае дасьледаваньне – гэта штодзённае апытаньне «Спутник», празь якое праходзіць у сярэднім 5-6 тэмаў у дзень.

Кожны аспэкт грамадзкай думкі вывучаецца не адным, а некалькімі пытаньнямі – кажа незалежны сацыёляг Аляксандар Сасноў. Калі ў прэс-рэлізе аўтары засяродзілі ўвагу толькі на адным пытаньні й не падалі кантэксту, гэта магло быць зроблена ў маніпулятыўных мэтах – не выключае экспэрт.

Аляксандар Сасноў: Само пытаньне можа даць тую ці іншую падказку рэспандэнту. Таму падчас дасьледаваньняў трэба задаваць некалькі пытаньняў, якія з розных бакоў дазволяць высьветліць сытуацыю. А дасьледаваньне пры дапамозе аднаго пытаньня – гэта можа быць і маніпуляцыя...

На думку Аляксандра Саснова, лічбы ВЦИОМ ня сьведчаць пра тое, што расейцы хочуць увесьці візы зь Беларусьсю. Яны адлюстроўваюць страх перад некантраляванай міграцыяй – мяркуе экспэрт.

Мы маем справу хутчэй з праявай інфармацыйнай вайны, чым навуковым дасьледаваньнем – мяркуе палітоляг Юры Чавусаў. Расейскае кіраўніцтва ў апошнія гады патрабуе ад сваіх сатэлітаў усё большай ляяльнасьці за ўсё меншыя грошы. Каб скараціць эканамічную падтрымку Беларусі, трэба пераканаць уласнае насельніцтва ў тым, што Лукашэнка й Беларусь не такія ўжо верныя саюзьнікі – тлумачыць палітоляг.

Юры Чавусаў: Ідэалёгія Расеі зьмянілася. Гэта ня тая ідэалёгія, якая была выгодная Лукашэнку («мы аднаўляем Саюз»), а тая, якая зараз выгодная Расеі («мы аднаўляем Імпэрыю»). У палітыцы адбылася зьмена парадыгмы. Каб яна адбылася і ў грамадзтве, трэба падобнага кшталту прэс-рэлізамі, артыкуламі, тэлеперадачамі зьмяніць пазыцыянаваньне Беларусі.

Такім чынам, вынікі апытаньня ВЦИОМ нельга ўспрымаць усур’ёз. Расейцы наўрад ці жадаюць адгарадзіцца ад Беларусі мурам. Зьяўленьне такога апытаньня зьяўляецца чарговай праявай напружаньня ў адносінах паміж Менскам і Масквой і чарговым выбухам на полі інфармацыйнай вайны.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт