Logo Polskiego Radia
Print

Рэйтынг Freedom House: Беларусь надалей у ліку несвабодных краін

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 31.01.2017 10:50
У дакладзе Freedom House ўзгадваюцца таксама некаторыя рашэньні новых польскіх уладаў.
photo: jflag.org

У рэйтынгу „Свабода ў сьвеце — 2017” праваабарончай арганізацыі Freedom House Беларусь залічаная да несвабодных краін.

Акрамя таго, да несвабодных краінаў залічаны Расея, Туркмэністан, Таджыкістан, Узбэкістан, Казахстан, Азэрбайджан. Анэксаваны Расеяй украінскі паўвостраў Крым, які пазначаны ў дакладзе праваабаронцаў як „спрэчная тэрыторыя”, лічыцца таксама „несвабодным”.

Усяго летась у 67 краінах назіралася пагаршэньне сытуацыі з палітычнымі правамі й грамадзянскімі свабодамі, і толькі ў 36 — паляпшэньне. На працягу апошніх 11 гадоў, зь 2006-га, у 109 краінах назіралася пагаршэньне сытуацыі, у 60 — паляпшэньне.

З 49 краінаў, прызнаных дасьледнікамі „несвабоднымі”, 11 маюць найгоршы ўзровень палітычных правоў і грамадзянскіх свабодаў — Сырыя, Эрытрэя, Паўночная Карэя, Узбэкістан, Паўднёвы Судан, Туркмэністан, Самалі, Судан, Экватарыяльная Гвінэя, Цэнтральная Афрыканская Рэспубліка й Саудаўская Арабія.

„Часткова свабоднымі” праваабаронцы лічаць Украіну, Грузію, Армэнію, Кіргізстан і Малдову.

У дакладзе Freedom House адзначаецца, што галоўныя дэмакратычныя краіны адчуваюць трывогу і няўпэўненасьць пасьля таго, як Вялікая Брытанія прагаласавала за выхад з ЭЗ, новы ўрад у Польшчы ўвёў шэраг антыдэмакратычных крокаў, у частцы Эўропы да ўлады прыйшлі ксэнафобскія нацыяналістычныя партыі, а ў ЗША перамог Дональд Трамп.

svaboda.org/аз


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт