Дэпутаты апазыцыі перасталі блякаваць залю паседжаньняў Сэйму
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
12.01.2017 13:01
Парлямэнцкі крызыс, які працягваўся ў Польшчы амаль месяц, спынены.
Foto: Wikimedia Commons/Katarzyna Czerwińska
Дэпутаты польскай апазыцыі вырашылі спыніць блякаду залі паседжаньняў Сэйму. Пра гэта заявіў старшыня партыі “Грамадзянская плятформа” Гжэгаж Схэтына. Таксама Схэтына паведаміў, што яго партыя падасьць заяўку аб адстаўцы сьпікера Сэйму Марка Кухціньскага.
“У сувязі з тым, што нам удалося вярнуць журналістаў у парлямэнт і вярнуць ім магчымасьць неабмежаванага асьвятленьня парлямэнцкіх працаў, мы спыняем наш пратэст”, – паведаміў Гжэгаж Схэтына.
Патрабаваньне аб адстаўцы сьпікера ніжэйшай палаты польскага парлямэнту кіраўнік “Грамадзянскай плятформы” абгрунтаваў тым, што дзеяньні Марка Кухціньскага прывялі да палітычнага канфлікту й паралічу працаў парлямэнту амаль на месяц.
Прыгадаем, што 16 сьнежня сьпікер Сэйму пазбавіў права голасу дэпутата партыі “Грамадзянская плятформа” Міхала Шчэрбу, які пратэставаў супраць законапраекту аб абмежаваньні працы журналістаў у польскім парлямэнце. У адказ апазыцыя заблякавала трыбуну Сэйму. Працы парлямэнту былі спыненыя амаль на месяц.
Апоўдні 12 студзеня прадстаўнікі "Грамадзянскай плятформы" і партыі Nowoczesna.pl ("Сучасная") пакінулі трыбуну. Сэйм адновіць свае паседжаньні 25 студзеня.
IAR/ап