Logo Polskiego Radia
Print

Улады рыхтуюць падатковыя ільготы для інвэстараў

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 11.01.2017 08:11
Міністэрства разьвіцьця прапануе поўнае ануляваньне інвэстыцыйных выдаткаў.
Photo: pixabay.com

Польскі ўрад абвясьціў аб плянах увядзеньня поўнай амартызацыі інвэстыцыйных выдаткаў. Такім чынам Міністэрства разьвіцьця спрабуе заахвоціць прадпрымальнікаў інвэставаць. Дзеля ўвядзеньня гэткіх зьменаў неабходнай будзе навэлізацыя падатковых правілаў. Скарыстацца льготай зможа той прадпрымальнік, які цягам дадзенага падатковага году выдаткуе на інвэстыцыі ад 10 да 100 тысяч злотых.

Віцэ-міністар разьвіцьця Ядвіга Эмілевіч (Jadwiga Emilewicz) кажа, што гэта нешта накшталт прасямейнай праграмы 500 плюс, але для малога й сярэдняга бізнэсу.

Ядвіга Эмілевіч: Ільготы, якія вынікаюць зь інвэстыцыі 100 тысяч злотых для буйнога прадпрыемства, гэта можа й не асаблівая прываблівасьць. Аднак у выпадку малых і сярэдніх прадпрыемстваў - гэта значны стымул. Прадпрымальнік за максымальныя выдаткі ў памеры 100 тысяч злотых можа скарыстацца ануляваньнем інвэстыцыйных выдаткаў у памеры 17 тысяч злотых. Для малога й сярэдняга бізнэсу гэта значная сума.

Аднак прадстаўніца Міністэрства разьвіцьця папярэджвае, што можна будзе разьлічваць на амартызацыю не ўсіх інвэстыцыяў.

Ядвіга Эмілевіч: Мы ведаем, што палякі вельмі крэатыўныя, калі гаворка ідзе пра выкарыстоўваньне падатковых ільготаў. Таму мы вырашылі, што за амартызацыю можна будзе хадайнічаць, перш за ўсё, у выпадку абсталяваньня й розных машын для вытворчасьці. Гаворка ідзе пра робаты, кампутары, вілачныя пагрузчыкі з процівагай. Менавіта таму пад увагу не бярэцца пакупка аўтамабіляў ці нерухомасьцяў.

У цяперашні час прадпрымальнік, які інвэстуе, напрыклад, у вытворчую машыну 100 тысяч злотых, можа перанесьці на кошт вытворчасьці 20 тысяч злотых у год. З астатніх 80 тысяч ён павінен выплаціць падатак. Міністэрства разьвіцьця хоча, каб ужо ў першым годзе на кошт вытворчасьці можна было перанесьці ўсе выдаткі на інвэстыцыі, то бок максымальна да 100 тысяч злотых.

Паводле ацэнкаў ведамства, скарыстацца ільготай зможа агулам больш за 1,3 млн прадпрымальнікаў.

Новыя правілы могуць уступіць у сілу ў пачатку другога квартала бягучага году.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт