Прэзыдэнт Польшчы стараецца залагодзіць палітычны крызыс у краіне (ФОТА)
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
18.12.2016 14:48
Анджэй Дуда праводзіць сустрэчы з прадстаўнікамі парлямэнцкіх апазыцыйных партый.
Старшыня Польскай сялянскай партыі Ўладзіслаў Касіняк-Камыш размаўляе з журналістамі пасьля выхаду з Прэзыдэнцкага палацу
Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда праводзіць сустрэчы з прадстаўнікамі парлямэнцкіх апазыцыйных партый. Сёньня ён ужо сустрэўся зь лідарам лібэральнай партыі «Сучасная» Рышардам Пэтру, Польскай сялянскай партыі Ўладзіславам Касінякам-Камышам ды руху «Кукіз 15» Паўлам Кукізам. Паводле палітыкаў, яны прадставілі прэзыдэнту Польшчы свой пункт гледжаньня й меркаваньні на крызысную сытуацыю ў краіне.
Вечарам польскі лідар правядзе сустрэчы са старшынём буйнейшай апазыцыйнай партыі, права-цэнтрысцкай «Грамадзянскай плятформы» Гжэгажам Схэтынам. У сваю чаргу заўтра Анджэй Дуда сустрэнецца зь лідарам кіроўнай кансэрватыўнай партыі «Права й справядлівасьць» (ПіС) Яраславам Качыньскім ды старшынём Сэйму (ПіС) Марэкам Кухціньскім.
Нагадаем, Анджэй Дуда выйграў прэзыдэнцкія выбары як кандыдат ПіС.
Польскі лідар учора заявіў, што гатовы быць пасярэднікам у перамовах паміж палітычнымі сіламі ў Польшчы.
Як паведамлялася, у апошнія дні Польшча трапіла ў сур’ёзны палітычны крызыс. Усё пачалося ў пятніцу, калі дэпутаты апазыцыйных партый пачалі пратэст у Сэйме супраць спробы ўвядзеньня ПіС абмежаваньняў у працы журналістаў у парлямэнце Польшчы. Хутка пратэст пашырыўся на вуліцы польскай сталіцы: тысячы людзей пратэставалі, між іншым, пад Сэймам і Прэзыдэнцкім палацам.
Кіроўная партыя «Права й справядлівасьць», якая мае большасьць у абодвух палатах парлямэнту, абвінавачвае апазыцыю ў спробе дэстабілізацыі дзяржавы. У сваю чаргу апазыцыя абвінавачвае ПіС у абмежаваньні дэмакратыі й спробе ўвядзеньня аўтарытарнай сыстэмы.
вс
фота: PAP/Radek Pietruszka
Лідар "Сучаснай" Рышард Пэтру