Logo Polskiego Radia
Print

11 лістапада 1918 года Польшча стала незалежнай (гістарычныя ФОТА+ВІДЭА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 11.11.2016 07:12
  • historia.mp3
Калі б ня Юзэф Пілсудзкі, незалежнай Польшчы магло б ня быць альбо была б іншай краінай.
Юзэф ПілсудскіЮзэф Пілсудскі Narodowe Archiwum Cyfrowe

11 лістапада 1918 года Польшча стала сувэрэннай краінай пасьля 123 год існаваньня пад панаваньнем трох імпэрый, якія падзялілі яе тэрыторыю.
Дзень Незалежнасьці Польшчы быў устаноўлены ў 1937 годзе. Праіснаваў ён да ліпеня 1945 года, і быў зноў узноўлена пасьля сыстэмнай трансфармацыі ў краіне ў 1989 годзе.

Дзень Незалежнасьці Польшчы – гэта дзяржаўнае сьвята, якое суправаджаецца падняцьцем сьцягаў, выступленьнем прэзыдэнта ды высокапастаўленых чыноўнікаў, а таксама шматлікімі маршамі й маніфэстацыямі.

Аднак шлях да незалежнасьці краіны быў нялёгкім, цярністым і паступовым працэсам. Лістападаўская дата не зьяўляецца выпадковай, бо менавіта 11 лістапада афіцыйна закончылася Першая сусьветная вайны. У той дзень было заключанае першае Кампʼенскае перамірʼе, якое прадвызначыла канчатковую паразу Нямеччыны.

/

Напярэдадні ў Варшаву прыбыў Юзэф Пілсудзкі – бацька польскай незалежнасьці, вызвалены зь нямецкай турмы ў Магдэбургу. Дарэчы, цікавы факт: перад тым, як адправіць у Варшаву, Пілсудзкага накармілі ў дарагім і прэстыжным рэстаране. А даставілі ў Варшаву на літарным цягніку. Проста немцы, краіна якіх была ахопленая пратэстамі насельніцтва, баялася хваляваньняў на польскіх землях, якія акупавала, а не дапусьціць да пратэстаў мог толькі Пілсудзкі, які ўжо тады кансалідаваў грамадзтва. Так што нямецкія захады мелі выключна прагматычны падтэкст.

/

11 лістапада 1918 года кіраўніком дзяржавы стаў маршал Польшчы Юзэф Пілсудзкі, быў сфарміраваны першы дэмакратычны ўрад краіны.
Вось што сказаў Пілсудзкі ў той дзень, зьвяртаючыся да польскага народу:

«Дзень сёньняшні зьяўляецца гістарычным, незабыўным, шчасьлівым і трыюмфальным! Мы – свабодныя! Мы – гаспадары нашай краіны! Здарылася гэта ў вельмі нечаканых умовах, але – здарылася! Германцы аслабелі (...). Цуды, цуды адбываюцца ў нашай сталіцы. Маршыруюць салдаты ў нямецкіх мундзірах з чырвонымі павязкамі й белымі арламі на фуражках – гэта вызваленыя палякі з Познаньскага княства. Ідуць салдаты ў нямецкіх мундзірах з францускімі кукардамі – гэта дзеці Эльзаса й Лятарынгіі, якія сьпяваюць пераможныя песьні й братаюцца з палякамі. Разбурылася сьцяна страху й рабства. Мы – свабодныя, і мы – проста Людзі!»


Дарэчы, у 1919-1936 гадах гадавіна здабыцьця незалежнасьці Польшчы сьвяткавалася ў Варшаве як урачыстасьць выключна ваеннага характару.
Цікавы гістарычны факт. Юзэф Пілсудзкі быў аўтарытэтам Адольфа Гітлера. Ён лічыў польскага маршала выдатным палітыкам ды моцным чалавекам. Пасьля сьмерці Пілсудзкага 12 траўня 1935 года гітлераўская Нямеччына была адзінай замежнай краінай, якая аб’явіла агульнанацыянальную жалобу. Больш за тое, у кракаўскім замку «Вавэль» пасьля акупацыі Польшчы Германіяй каля магілы Юзэфа Пілсудзкага была выстаўленая ганаровая варта. Гэта прыклад таго, што маршала Пілсудзкага любілі ня толькі палякі, але й шанавалі геапалітычныя сапернікі.

Ю.Пілсудзкі
Ю.Пілсудзкі з дочкамі й афіцэрамі на Віленскім вакзале ў Варшаве, канец жніўня 1932 году

Паводле часткі гісторыкаў, калі б ня Юзэф Пілсудзкі, незалежнай Польшчы магло б і ня быць, альбо была б у абсалютна іншай форме.

Валеры Саўко
слухайце гукавы файл

фота: Narodowe Archiwum Cyfrowe

здымкі маюць ілюстрацыйны характар і адлюстроўваюць жыцьцё й дзейнасьць Ю.Пілсудзкага ў 1920-30 гады.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт