Logo Polskiego Radia
Print

Беларускія праваабаронцы: МУС Польшчы парушае правы ўцекачоў

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 08.10.2016 16:17
„Human Constanta”: Палякі не прымаюць заяваў чачэнцаў аб прадстаўленьні прытулку.
Photo: www.youtube.com

Праваабарончая ініцыятыва „Human Constanta” прыйшла да высновы, што польскія памежнікі, якія падпарадкоўваюцца МУС Польшчы, сыстэматычна парушаюць працэдуру прыняцьця заяваў аб прадстаўленьні прытулку ўцекачам з Чачні, якія едуць транзытам празь Беларусь.

Пра гэта гаворыцца ў дакладзе „Human Constanta” „Нябачныя ўцекачы на мяжы Беларусі й Польшчы”.

Як адзначаецца ў дакладзе, сытуацыя на мяжы Беларусі й Польшчы можа быць ахарактарызавана як „лякальны міграцыйны крызыс”, што выклікана невыкананьнем польскімі ўладамі міжнародных абавязкаў наконт прадстаўленьня прытулку.

Экспэрты „Human Constanta” адзначаюць, што польскія памежнікі адмаўляюцца прымаць у чачэнцаў вусныя ці пісьмовыя заявы аб прадстаўленьні прытулку й адразу адпраўляюць іх на цягніку назад у Берасьце, што ёсьць парушэньнем Канвэнцыі пра статус уцекача.

„На думку экспэртаў місіі, у сукупнасьці сыстэма фільтрацыі ўцекачоў, якая склалася на ўчастку мяжы Берасьце — Тэрэспаль, і дзеяньні памежнай службы ня толькі парушаюць права пошуку прытулку, але таксама ўяўляюць сабой жорсткае, прыніжальнае для чалавечай годнасьці абыходжаньне”, — падкрэсьліваюць праваабаронцы.

У дакладзе адзначаецца, што галоўныя прычыны ўцёкаў чачэнцаў са сваёй радзімы — таталітарны характар палітычнага ладу ў Чачні й рэпрэсіі з боку сілавікоў: незаконныя затрыманьні, выкраданьні й катаваньні. Атрымаць абарону ў іншых рэгіёнах Расейскай Фэдэрацыі чачэнцы ня могуць, але й знаходзіцца ў Беларусі ім таксама небясьпечна.

Беларускія праваабаронцы заклікаюць польскі бок забясьпечыць выкананьне нормаў міжнароднага права на ўчастку мяжы Берасьце — Тэрэспаль, а таксама даць ацэнку паводзінам памежнікаў.

svaboda.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт