Пашыраецца сетка платных дарогаў у Польшчы
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
21.09.2016 17:10
Апэратар „ViaToll” апублікаваў сьпіс новых дарогаў, ахопленых сыстэмай аплатаў.
pixabay.com/Public Domain CC0
Зь першага кастрычніка ў Польшчы павялічыцца колькасьць платных дарогаў. Апэратар „ViaToll” абвясьціў сьпіс аўтастрадаў, дарогаў хуткага руху й нацыянальных дарог, якія неўзабаве будуць ахоплены сыстэмай аплатаў. Гэта шостае па ліку пашырэньне сеткі платных дарогаў у Польшчы.
Зьмены закрануць больш за 150 кілямэтраў дарог у краіне. Самы працяглы ўчастак - гэта фрагмэнт аўтастрады А4 ад вузла Жэшаў-Усход (Rzeszów Wschód) да вузла Яраслаў-Захад (Jarosław Zachód). Гаворка ідзе пра крыху больш за 41 кілямэтар. Чарговы ўчастак - гэта 40 кілямэтраў аўтамагістралі А1 ад вузла Лодзь-Поўнач (Łódź Północ) да вузла Тушын (Tuszyn).
Плятная сыстэма ахапіла таксама часткі дарогаў хуткага руху S1, S3, S6 і S8 і S17 і S74.
Сыстэма „Via Toll” абавязковая для ўсіх аўтамабіляў вагой больш за 3,5 тон і аўтобусаў зь мінімум 9-ю пасажырскімі месцамі.
Увесь прыбытак з аплат прызначаецца на будаўніцтва новых дарог і рамонт існуючых. Зь ліпеня 2011 году да канца жніўня 2016 году сыстэма „Via Toll” прынесла больш за 1,5 мільярда эўра даходу. У сярэднім за дзень у касу апэратара паступае больш за 1 мільён 162 тысячы эўра.
аз