Logo Polskiego Radia
Print

Прэм’ер Брытаніі раскажа ў Варшаве пра будучыню польскіх мігрантаў

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 28.07.2016 17:28
Сытуацыя польскіх мігрантаў у Вялікабрытаніі пасьля выхаду Лёндану з ЭЗ зьяўляецца адной з тэмаў перамоваў Тэрэзы Мэй і Бэаты Шыдла.
Прэм'ер Брытаніі Тэрэза Мэй падчас нядаўняга візыту ў Славакію. Прэм'ер Брытаніі Тэрэза Мэй падчас нядаўняга візыту ў Славакію. PAP/EPA/JAKUB GAVLAK

Сытуацыя польскіх мігрантаў ды двухбаковае супрацоўніцтва – гэта тэмы перамоваў паміж урадамі Польшчы й Вялікабрытаніі, якія праходзяць у Варшаве. У польскую сталіцу прыляцела брытанскі прэм’ер Тэрэза Мэй. Яна замяніла на пасадзе кіраўніка ўраду Дэвіда Кэмэрана, які падаў у адстаўку пасьля рэфэрэндуму аб выхадзе Брытаніі з Эўразьвязу.

Прэм’ер Польшчы Бэата Шыдла заявіла, што галоўнай тэмай перамоваў стане статус польскіх працоўных мігрантаў у Вялікабрытаніі, які можа зьмяніцца пасьля таго, як Лёндан пакіне Эўразьвяз. Бэата Шыдла адначасова зазначыла, што Польшча шануе сувэрэннае рашэньне брытанцаў і «права іх краіны самастойна прымаць рашэньні».

Наступнай тэмай размовы Бэаты Шыдла і Тэрэзы Мэй зьяўляецца супрацоўніцтва ў галіне абароны ды эканомікі. Прэм’ера Польшчы цікавіць, як выхад Брытаніі з Эўразьвязу адаб’ецца на абавязках Лёндана ў NATO і гандлёвым абмене.

Нагадаем, на рэфэрэндуме ў чэрвені гэтага году за выхад з Эўразьвязу прагаласавала 51,9% брытанцаў. У сераду падчас візыту ў Рым брытанскі прэмʼер заявіла, што Вялікабрытанія «выходзіць з Эўразьвязу, але не пакідае Эўропы».

IAR /ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт