Прэзыдэнты Польшчы й Нямеччыны размаўлялі пра будучыню ЭЗ (ФОТА)
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
18.06.2016 12:17
Польшча й Нямеччына адзначаюць 25-годзьдзе дамовы аб добрасуседзтве.
Прэзыдэнты Польшчы й Нямеччыны: Анджэй Дуда й Ёахім Гаўк.Photo: PAP/Radek Pietruszka
Разважаньне пра будучыню Эўропы патрабуе ад нас зірнуць у мінулае, зазначылі ў Варшаве прэзыдэнты Польшчы й Нямеччыны. Анджэй Дуда й Ёахім Гаўк прынялі ўдзел у першым паседжаньні цыклу канфэрэнцыяў „Форум лідарства”. Палітыкі падкрэсьлілі ролю Польшчы ў аб'яднанай Эўропе.
Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда
Анджэй Дуда заявіў, што найбольш выразнай рысай Эўропы зьяўляецца ейная разнастайнасьць.
Анджэй Дуда: Як першапачатковыя ідэйныя прадпасылкі, так і штодзённая практыка Эўразьвязу абапіраюцца на тое, што гэтая разнастайнасьць ня мусіць быць крыніцай канфліктаў, як гэта здаралася ў мінулым. Гэта каштоўнасьць і скарб, які трэба ахоўваць. Гэта таксама адзін з асноўных паказчыкаў сілы, крэатыўнасьці й разьвіцьця Эўропы.
У сваю чаргу Ёахім Гаўк сказаў, што некалі фінансавы крызыс, а цяпер праблемы зь міграцыяй павінны вырашацца супольна.
Прэзыдэнт Нямеччыны Ёахім Гаўк
Прэзыдэнт Нямеччыны зьвярнуў увагу на важную ролю, якую адыгрывае Польшча ў аб'яднанай Эўропе.
Ёахім Гаўк: Мы, эўрапейцы, усе разам стварылі падмурак, а Польшча з самага пачатку была ў групе асноўных будаўнікоў. Можна сказаць, што ня толькі палякі ганарацца тым, што яны эўрапейцы, але таксама Эўропа ганарыцца палякамі.
Канфэрэнцыя, на якой учора ў Варшаве прысутнічалі прэзыдэнты Польшчы й Нямеччыны, зьяўляецца адным з пунктаў адзначаэньня 25-годзьдзя заключэньня польска-нямецкай дамовы аб добрасуседзтве й дружалюбным супрацоўніцтве.
ФОТА: PAP/Radek Pietruszka
аз