Logo Polskiego Radia
Print

Юрыста абвінавацілі ў шпіянажы на карысьць Расеі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 04.05.2016 13:42
Пракуратура ўжо перадала яго справу ў суд.
pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0

Да 10 гадоў пазбаўленьня волі пагражае юрысту Станіславу Ш., які абвінавачваецца ў супрацоўніцтве з расейскімі спэцслужбамі, паведаміла „Radio Zet”. Пракуратура ўжо перадала яго справу ў суд. Мужчыну абвінавачваюць у супрацоўніцтве з Галоўным ўпраўленьнем выведкі Генэральнага штабу Расейскай Фэдэрацыі.

Станіслав Ш. працаваў адвакатам у адной з канцылярыяў у Варшаве. Ён зьяўляецца сынам былога брамніка зборнай Расеі, які ў 1991 годзе пераехаў з усёй сям'ёй у Польшчу.

17 кастрычніка 2014 году адвакат з падвойным польска-расейскім грамадзянствам, быў затрыманы тэрмінам на тры месяцы паводле рашэньня раённага суду. Арышту запатрабавала апэляцыйная пракуратура, якая прад’явіла мужчыне абвінавачваньне ў працы для чужой разьведкі, за што пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі.

У той жа дзень Ваенны акруговы суд у Варшаве вырашыў аб затрыманьні падпалкоўніка аднаго з дэпартамэнтаў Міністэрства абароны. Гэтага патрабавала Ваенная пракуратура ў Варшаве, якая прад'явіла вайскоўцу абвінавачваньне ва ўдзеле ў дзейнасьці для разьведкі чужой краіны. За гэта яму пагражае ад 3 да 15 гадоў турмы.

Паводле пракуратуры, абодва абвінавачаныя працавалі на карысьць расейскай ваеннай разьведкі ГРУ. Яны не супрацоўнічалі адзін з адным, але іх справы сугучныя.

Нагадаем, у штогадовай справаздачы Агенцтва ўнутранай бясьпекі за 2014 год адзначаецца „высокі ўзровень” дзейнасьць расейскіх спэцслужбаў у Польшчы. Паводле дакумэнту, галоўным чынам гаворка ішла пра спробу дыскрэдытаваць пазыцыю Польшчы й іншых чальцоў NATO па справе ўкраінскага крызысу.

Radio Zet/onet.pl/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт