Прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў запатрабаваў пазбавіць заказаў Менскі завод колавых цегачоў (МЗКЦ). Паводле аглядальнікаў, гэта свайго роду ціск на афіцыйны Менск з той мэтай, каб беларусы прадалі завод расейцам. Беларусы пакуль што ўпіраюцца й пазбаўляцца прадпрыемства ня хочуць, бо гэта свайго роду курыца, якая нясе залатыя яйкі. Нагадаем, што перасоўныя стратэгічныя расейскія сілы й вялікая частка зэнітна-ракетных сыстэм устаноўленыя на колавай базе МЗКЦ.
Партал naviny.by на днях апублікаваў аналітычны артыкул, прысьвечаны МЗКЦ, аўтарства Аляксандра Алесін. Нагадаем, ён зьяўляецца вайсковым аналітыкам і аглядальнікам. Дарэчы, многія журналісты лічаць яго найлепшым у сваёй галіне, бо Алесін мае вялізныя веды пра ваенна-прамысловы комплекс, узбраеньне й тэхніку.
Мы яму патэлефанавалі ў запыталі, ці беларусам удасцца выстаяць перад ціскам расейцаў, якія сваё вока палажылі на МЗКЦ ужо даўно? Аналітык лічыць, што ўсё будзе залежыць ад эканамічнай сытуацыі й ад таго, ці Менску будуць даваць крэдыты. Бо калі грошай ня будзе, дык улады, магчыма, будуць прымушаныя прадаць завод.
(на відэа: прэзэнтацыя тэхнікі МЗКЦ)
А чаму Масква гэтак настырна б’ецца за Менскі завод колавых цягачоў? А ўсё вельмі проста: значная частка расейскага рухомага стратэгічнага патэнцыялу разьмешчаная на шасі беларускага завода, кажа Алесін.
Экспэрт пры гэтым зазначае, што па замове менскае прадпрыемства можа пабудаваць любы аўтамабіль любой грузападымальнасьцю, і што такіх заводаў у сьвеце вельмі мала, а ў Расеі ўвогуле няма.
ЗРК «Тор-МК» на шасі МЗКТ-6922/commons.wikimedia.org/Allocer/CC BY-SA 3.0
Прадпрыемства МЗКЦ – гэта ня толькі вайсковая тэхніка, але й аўтамбілі грамадзянскага прызначэньня, якія выпускаюцца пад гандлёвай маркай “Волат”. Пры гэтым завод пастаянна разьвіваецца й выпускае новую прадукцыю, напрыклад, унівэрсальнае шасі МЗКЦ-6922, на якое можна ўстанавіць многія віды ўзбраеньня, у тым ліку зэнітна-ракетныя сыстэмы “Бук-М3” ды “Тор-М2Э”. У сваю чаргу некалькі дзён таму ў інтэрнэце зьявіліся фотаздымкі навейшай распрацоўкі МЗКТ: бронеаўтамабіля пад пакуль што рабочай назвай “Волат”. Нагадаем, што ў партфоліа менчукоў ужо ёсьць адзін бранявік – гэта “Ліс-ПМ”.
(на відэа: выпрабаваньне шасі МЗКЦ-79291)
А пару гадоў таму завод выйграў тэндар на пастаўку ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты 40 танкавозаў. Цікава тое, што менскае прадпрыемства выйграла тэндар, у якім прымалі ўдзел, між іншмы, “Мэрсэдэс”, “МАН”, “Вольва”, “Сканія” й “Татра”. Пры гэтым супраца з арабскай краінай не спыняецца: для арміі ААЭ беларусы распрацавалі звышцяжкі аўтацягнік МЗКЦ-741351, які на дадзены момант праходзіць выпрабаваньні ў Беларусі, а поўны комплекс прыёмачных выпрабаваньняў заплянаваны на ліпень бягучага года ў ААЭ.
Звышцяжкі аўтацягнік МЗКЦ-741351, распрацаваны для арміі ААЭ, фота: volatdefence.com
Ці беларусы могуць ганарыцца тым, што ў іх ёсьць такі завод, - запытылі мы ў Аляксандра Алесіна. Так, бо гэта сучаснае, высокаразьвітае, перадавое і ўнікальнае ў сусьветным маштабе прадпрыемства, зазначыў аглядальнік.
Менскі завод колавых цегачоў пастаўляе сваю прадукцыю ў 30 краін сьвету, у тым ліку ў Расею, ААЭ, Турцыю, Кітай. Завод забясьпечаны кантрактамі па некаторых пазыцыях да 2020 года. Штогод інжынэры завода распрацоўваюць ад двух да сямі новых транспартных сродкаў.
Валеры Саўко
размову з А.Алесіным слухайце ў далучаным файле